Ля прылаўка палову жыцця

З 1988 года ў гандлі працуе прадавец чацвёртага разраду Валянціна Сярко. За трыццаць гадоў работы жанчына назапасіла вопыт і добра вывучыла псіхалогію людзей. Ведае, каму што прапанаваць, якая прадукцыя карыстаецца большым попытам.

Доўгі час працавала ў глыбочыцкай краме, пасля выхаду на пенсію была на падмене працоўных адпачынкаў. І вось ужо другі год абслугоўвае пакупнікоў магазіна вёскі Покаць. Як дбайная гаспадыня навяла парадак у памяшканні, пашырыла асартымент, і цяпер на прылаўку заўсёды свежая каўбаса, мяса птушкі, малако і твораг, замарожаная рыба, садавіна і гародніна.

Хутка разыходзяцца сокі, мінеральная вада, ёгурты. Па густу старым і малым цукеркі, печыва, у наяўнасці сродкі для мыцця посуду і бялізны, сталовыя прыборы, прылады для вясковай працы. А калі чаго не хапае, прывязуць па індывідуальнай заяўцы. Прымаецца ад насельніцтва шклатара.

Вяскоўцы дзячаць Валянціне Ціханаўне, бо апошні час тут існавалі пэўныя праблемы. Часта мяняліся прадаўцы, таму дзверы магазіна былі на замку па паўгода і больш. Зараз жа доступ да гандлёвых паліц вольны – з 9.00 да 16.00, акрамя выхаднога ў нядзелю, можна прыйсці і набыць усё неабходнае. Такі распарадак практычны для жывёлаводаў, якім было б цяжка падладзіцца пад аўталаўку. Зручная дзейнасць крамы і для транзітнага транспарту: ёсць магчымасць спыніцца і купіць вады альбо штосьці, каб падсілкавацца ў дарозе вадзіцелю.

Кіраўніцтва АСП «Чачэрскае» цэніць вопытнага работніка, адзначае старанні па выкананні планаў рознічнага таваразвароту. Тым больш, што да месца працы жанчына дабіраецца з Глыбочыцы, а гэта больш за 20 кіламетраў. Аднак Валянціна Ціханаўна прывыкла і да пад’ёму на золку, і да позняга вяртання, і да людзей, якія ідуць штодзень за паўсядзённым, смачным, патрэбным. Ад іх яна чэрпае сілы і працоўны запал.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика