Рукам працавітым спакою няма

У старажылаў вёскі Рудня Нісімкавіцкая Анастасіі Іванаўны Гулевіч і Веры Кузьмінічны Гулевіч вясна ў хаце кожную пару года. Жанчыны не пагаджаюцца, што на пенсіі сумна. Гэта толькі ў лянівых знойдзецца прычына, каб паскардзіцца на лёс.

Калі душа поўніцца святлом, а пальцы ўмеюць ствараць незвычайнае і прыгожае, то і гады не ў цяжар. Вось і руднянісімкавіцкія суседкі як толькі вечар – збіраюцца разам, сядаюць побач і пачынаюць крамсаць, шыць, падшываць. У выніку атрымоўваюцца яркія і акуратныя дыванкі пад ногі, накідкі на табурэткі, якія дапаўняюць каларыт вышытых крыжам і гладдзю сурвэтак, абрусаў, карцін. З каляровых лапікаў тканіны сяброўкі вырабляюць маляўнічыя рэчы для дэкору. Тое, што трэба было б выкінуць на сметнік, ідзе на карысць чалавеку. Сяброўкі даюць новае жыццё старым паліто, сукенкам, спаднічкам. За работай і размова вяжацца, сяльчанкі ўспамінаюць маладосць, а іншым разам і добрую песню зацягнуць.

Калісьці Анастасія Іванаўна жыла актыўна. Працавала 20 гадоў на пякарні, затым паштальёнам, таму ведае кожнага жыхара не толькі ў твар, але і можа сказаць, «чым ён дыхае». Доўгі час была дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў, садзейнічала насельніцтву ў вырашэні побытавых праблем, аб’ядноўвала на работу па добраўпарадкаванні тэрыторый, вадаёмаў, збірала народ на вясковыя сходы. Дый і зараз памочнік старшыні сельвыканкама прытрымліваецца актыўнай пазіцыі – усім дапаможа, параіць, выслухае, падбадзёрыць.

Яе сяброўка Вера Кузьмінічна пайшла на пенсію з пасады загадчыка сельскага клуба. Улетку хапае клопату па гаспадарцы. А чым заняць рукі ў вольны час зімой? Пабачыла аднойчы, як сястра Таццяна стварала дзівосныя дыванкі, і пераняла вопыт, якім потым падзялілася з суседкай. І цяпер у пакоях майстрыц вось ужо болей за 30 гадоў квітнеюць ружы, макі, півоні, хрызантэмы. Свае вырабы жанчыны дораць родным і знаёмым.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика