духоўны скарб казачніка

Надвор’е ў мінулую пятніцу нібы адчувала – у Рудні Нісімкавіцкай свята, і таму сонейка шчодра палівала засмуткаваўшую па цяплу зямельку пацалункамі сваіх гарачых промняў. Ці ад таго, ці ад прадчування цікавай і хвалюючай сустрэчы з казкай, вочы ў мясцовых жыхароў гарэлі светлым агеньчыкам радасці, а святочныя ўборы падмаладзілі іх твары.
А казка і сапраўды прыйшла сюды. І яе першыя яскравыя крокі ўскалыхнулі вёску яшчэ ў далёкія гады, калі тут жыў народны казачнік Пятро Гулевіч. Менавіта яму было прысвечана мінулае мерапрыемства, прымеркаванае да Году кнігі, арганізаванае сіламі работнікаў раённай цэнтральнай бібліятэкі і раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра. Нарадзіўся гэты выдатны збіральнік вуснай паэтычнай творчасці, казачнік-эпік у в.Рудня. Пра гісторыю яго творчага шляху расказвалі вядучыя, а дзіцячы экатэатр “Флорык” і артысты бібліятэчнага тэатра паказвалі тэатралізаваныя казкі і лялечныя пастаноўкі, падтрымаў настрой вясёлай песняй фальклорны гурт в.Валосавічы “Ажына”.
Пётр Восіпавіч Гулевіч памёр у 1957 годзе. Але яго казкі жывуць і сёння. А яшчэ – у яго ёсць паслядоўнікі. Хай сабе не зусім казачнікі, але такія ж рамантыкі і летуценнікі, з вялікім творчым запалам. Напрыклад, у вёсцы ўсім добра вядомы мясцовы мастак-самародак Кузьма Гулевіч. У свой час ён працаваў у саўгасе “Нісімкавічы” мастаком-афарміцелем, шмат маляваў карцін, пераважна пейзажы і нацюрморты. У гэты дзень ён таксама прысутнічаў на свяце і выказаў арганізатарам словы падзякі за тое, што не забыліся пра земляка і прынеслі ў вёску настрой і казачную атмасферу. Мясцовая жыхарка Таццяна Кузьмінічна Гулевіч хоць і не піша казкі, але стварае не менш цудоўныя вершы: пра журботную калінку, пра каханне, пра лёс чалавечы. Яны напоўнены глыбокім сэнсам, мудрасцю і светлымі пачуццямі. Некалькі сваіх твораў жанчына прачытала на аўдыторыю. Паэтычная муза займае ў яе жыцці вялікае месца. Наогул, добрых і цікавых людзей на радзіме вядомага казачніка шмат. І ўсё яны – прадаўжальнікі векавых бацькоўскіх традыцый, шчыра ўлюблёныя ў свой родны край, просты вясковы народ, для якога Пётр Гулевіч і збіраў вялікі духоўны скарб – беларускую казку.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика