Працоўная слава не прыходзіць сама па сабе

Аўтарытэт і пашану трэба заслужыць, а для працаўнікоў вёскі гэта складаецца са штодзённых клопатаў і бездакорнай працы.
Нядаўна міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь былі падведзены вынікі рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў 2011 годзе. Чачэршчына таксама ўвайшла ў спіс ганаровых пераможцаў. А набывалі славу роднага раёна самаадданыя і руплівыя жывёлаводы. За плённую і паспяховую працу ў лідэры трапілі тэхнік па штучнаму асемяненню кароў Тамара Лашкіна з КСУП “Палессе”, аператар машыннага даення ААТ “МатнявічыАгра” Валянціна Грубава, аператар па абслугоўванню дойнага статка гэтай жа гаспадаркі Мікалай Мельнікаў, аператары па вырошчванню жывёлы Валянціна Баброва (ААТ “Отар”) і Віктар Герашчанка (КСУП “Звязда”). Сярод галоўных ветэрынарных урачоў прызнаны адным з лепшых спецыялістаў Уладзімір Повад з ААТ “Отар”. Дзякуючы стараннасці яго рук і добраму веданню сваёй справы, грамадскі статак папаўняецца маладым пагалоўем, жывёла менш хварэе і дае добрыя прывагі. Заслужаную пашану атрымала брыгадзір малочна-таварнай фермы гэтай жа гаспадаркі Ганна Гарбачова, якая выйшла ў лік пераможцаў у адпаведнай намінацыі. Парадак на ферме і станоўчыя вынікі па вытворчасці малака – поспех усяго калектыву, а граматнае кіраўніцтва рабочым працэсам – менавіта яе заслуга. Тут трэба быць і добрым псіхолагам, і чуллівым дарадцам, і выдатным ідэолагам. Бо адносіны з людзьмі будуюцца толькі на станоўчых эмоцыях і ўзаемапаразуменні.
Галоўны заатэхнік ААТ “МатнявічыАгра” Зінаіда Хурбатава (на здымку) ўжо не адзін год ходзіць знаёмай дарогай да сваіх буронак і пяструшак. Кожная кароўка на ферме – пад пільным наглядам аператараў машыннага даення, кожнае цялятка – у надзейных руках жывёлаводаў. А самі людзі – у адным працоўным ланцугу з выдатным спецыялістам. Зінаіда Іванаўна ў сферы сельскай гаспадаркі з 1975 года. І ўжо 20 гадоў у якасці галоўнага заатэхніка. Увесь гэты час яна вывучае і ўкараняе перадавыя метады па вырошчванню жывёлы і павышэнню надояў малака, сочыць за рацыянальным расходваннем кармоў, правільным утрыманнем пагалоўя, ажыццяўляе адбор жывёлы для аднаўлення статка, арганізуе работу па прадуктыўнасці жывёлы, штучнаму выкормліванню маладняку і выконвае яшчэ шмат іншых абавязкаў. Яе характару ўласцівы бездакорлівасць, адказнасць і настойлівасць. А гэта – верная прыкмета поспеху і працоўных перамог.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика