дэбют спектакля графскага тэатра “Раганосец па ўяўленню”

Шквал авацый выклікаў дэбют графскага тэатра, прадставіўшага свой першы спектакль па камедыі А.Сумарокава “Раганосец па ўяўленню”. Нават самі артысты не чакалі такога поспеху. А яго магло і наогул не быць, бо пасля смерці рэжысёра Мікалая Макарцова тэатр “асірацеў”.
– Спачатку мы не ведалі што рабіць, – расказвае старшыня РК прафсаюза работнікаў АПК Вольга Ігнаценка, якая трапна і ярка паказала вобраз адной з галоўных гераінь пастаноўкі – дваранкі Хаўронні. – Без рэжысёра мы засталіся, як човен без вясла. Але пасля нядоўгага роздуму вырашылі ўсё ж паспрабаваць ажыццявіць нашу мару, а галоўнае – давесці да канчатковага выніку памкненне Мікалая Макарцова і ў гонар аб яго светлай памяці пачалі праводзіць рэпетыцыі ўласнымі сіламі. Самі сабе сталі драматургамі, харэографамі і рэжысёрамі. Лічу, што атрымалася нядрэнна, бо жаданне даць жыццё гэтаму новаму для Чачэрска віду мастацтва было вялікім. Цяпер толькі трэба развівацца і працаваць далей.
Сваю думку наконт дзейнасці камернага тэатра выказала выконваючы абавязкі начальніка аддзела культуры райвыканкама Алена Фенік:
– Тое, што на Чачэршчыне з’явіўся такі ўнікальны тып відовішча, – сапраўдны культурны скарб. Розныя па характару і прафесіі людзі аб’ядналіся і сталі адной сям’ёй. Адметна, што ў гэтых самадзейных артыстаў ёсць багаты ўнутраны патэнцыял і творчае гарэнне. Але гэтага недастаткова, бо без фінансавай і матэрыяльнай падтрымкі любая добрая справа не мае шанцу на перспектыву. Але першы крок зроблены, пойдзем далей. А ўсім удзельнікам – вялікі дзякуй за іх цудоўнае выступленне і душэўны запал.
Першы выхад самадзейнай тэатральнай трупы адбыўся. А што далей? Чым сёння жывуць дэбютанты?
– Плануем зрабіць наступнае выступленне 24 чэрвеня на платнай аснове ў рамках выхаднога дня на базе гісторыка-этнаграфічнага музея, – дзеліцца творчымі планамі член Савета клуба па інтарэсах “Графскі тэатр у Чачэрску” Галіна Карповіч. Менавіта на яе плечы лёг вялікі аб’ём работы па падрыхтоўцы першага выступлення: падбор артыстаў, апрацоўка сцэнарыя, набыццё сцэнічных касцюмаў, штотыднёвыя рэпетыцыі. – На маю думку, пахваліцца ёсць чым. Артысты даказалі, што тэатр мае права на жыццё. Вельмі добра сыграў двараніна Вікула імпрэзны Віктар Апарын. Вялікі творчы запас у Вольгі Ігнаценка (жонка Вікула). Цудоўна ўвайшоў у вобраз дварэцкага Аляксандр Свежынцаў, дасканала раскрылі характар сваіх герояў Цімафей Чарнянкоў і Таццяна Дварэцкая. Гэту п’есу мы яшчэ не раз пакажам шырокай аўдыторыі, але ўжо пачынаем падбіраць новы рэпертуар і мяркуем стварыць другі склад тэатральнай трупы. Нам патрабуюцца дублёры, каб пры неабходнасці можна было замяніць каго-небудзь з артыстаў. Да таго ж будуць і іншыя пастаноўкі, дзе сябе змогуць праявіць адораныя і зацікаўленыя жыхары горада. Зараз праводзяцца сустрэчы і гутаркі з жадаючымі стаць членамі нашага творчага калектыву. Калі нехта адчувае ў сабе нераскрыты талент – запрашаем да размовы. А пакуль што будуем планы новых “выхадаў у свет”. Як я казала, мяркуем запрасіць на адпачынак жадаючых 24 чэрвеня, а затым прадэманструем свае артыстычныя здольнасці перад гасцямі Чачэршчыны, што прыедуць на святкаванне Дня Незалежнасці краіны . Няхай і за мяжой пра нас ведаюць.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика