Школьны баль!

Школьны баль! Доўгачаканая, радасная, хвалюючая і крыху сумотная хвіліна. Для выпускнікоў Чачэршчыны яна стала стартавай пляцоўкай у шырокі свет нязведанага, назва якому – самастойнае жыццё. І хаця гэтых юных дзяўчат у святочных уборах і галантных хлопцаў з гальштукамі яшчэ нельга назваць дарослымі, але яны ўжо і не тыя бесклапотныя гарэзлівыя дзеці, якімі былі яшчэ некалькі дзён назад. Здаецца, толькі-толькі для іх празвінеў першы званок, і вось ужо закружылі пары ў развітальным школьным вальсе.
У гэтым годзе са школ раёна выйшлі 119 адзінаццацікласнікаў, закончылі вучобу з залатым медалём вучаніцы Аксана Шведэнка з Меркулавіч і Марыя Каржова (СШ №2). Суботнім вечарам у гарадскім амфітэатры імёны выдатніц прагучалі са сцэны, а іх бацькам паціснуў руку першы намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Чарненка. На жаль, урачыстае мерапрыемства сапсавала надвор’е – раптам на горад наляцелі чорныя хмары, буйныя кроплі дажджу прымусілі ўсіх схавацца пад парасоны і раз’ехацца па школах.
Сем выпускнікоў у Нісімкавіцкай сярэдняй школе развіталіся ў гэтым годзе са сваёй калыскай адукацыі ў родным аграгарадку. На ўрачыстым мерапрыемстве ярка выдзяляліся чатыры дзяўчыны ў модных касцюмах і з раскошнымі прычоскамі, тры падцягнутыя хлопцы. Амаль усе падлеткі маюць намер працягваць адукацыю і выбралі самыя мірныя прафесіі будаўніка, настаўніка, псіхолага, бібліятэкара. У шлях да самастойнага жыцця іх добрымі парадамі праводзілі першая настаўніца, класныя кіраўнікі, дырэктар школы, які ўручыў атэстаты аб сярэдняй адукацыі, а таксама старшыня Нісімкавіцкага сельвыканкама. Да слова, настаўнік па адукацыі, Жана Малінава ў гэтым годзе выступіла адразу ў некалькіх ролях: як маці выпускніка, прадстаўнік мясцовай улады і яшчэ як добрая выканаўца песень. Запрошаныя на выпускны вечар аднавяскоўцы зазначылі, што такія мерапрыемствы кожны год праходзяць чулліва, аднак сёлетняе стала неймаверна ўтульным. Надвор’е крыху сапсавала настрой. Аднак, не трэба трывожыцца. У народзе здаўна падмецілі “Дождж перад дарогай – шчасце на шляху”!

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика