У іх руках парадак і камфорт Чачэрска

Чысціня на вуліцах, парадак на дарогах і каля пад’ездаў дамоў – справа калектыва ўчастка па добраўпарадкаванні.У штаце 17 чалавек, якія наводзяць прыгажосць і ўтульнасць.

Шэраг задач у камунальнікаў вялікі. Пад пільным наглядам больш за 15 тысяч квадратных метраў тратуараў, каля 240 тысяч м2 зялёнай зоны на прыдамавых тэрыторыях і амаль 500 м2 кантэйнерных пляцовак. На калектыў ускладзены абавязкі па рамонту і захаванні 254 малых архітэктурных формаў, утрыманні ў належным стане урнаў і лавак для адпачынку, памятнікаў і абеліскаў, мемарыяла адселеным вёскам.

Да камунальнай службы насельніцтва звяртаецца за рытуальнымі паслугамі, з пытаннямі па збору смецця, вывазу другаснай сыравіны і г.д. Адным словам, без ЖКГ – нікуды. І за ўсім гэтым стаяць людзі.

На варце чысціні краю Сяргей Юрчанка і Валерый Ганчароў. Зімой і летам яны займаюцца абрэзкай і спілаваннем дрэў. Тут і там гудзе бензапіла, стукаюць сякеры. Вадзіцель аўтавышкі Яўген Шанцаў шмат гадоў за рулём, ён забяспечвае доступ рабочых да самых высокіх шатаў клёнаў, вербаў і бяроз. На яго ўскладаецца вялікая адказнасць за бяспеку жыцця «таварышаў па зброі». Кожную раніцу ў любое надвор’е машына выязджае па запланаваным маршруце.

Сяргей Юрчанка і Яўген Шанцаў

З добрым настроем ужо на золку Святлана Арланава, Любоў Базылева, Наталля Міхалкова, Алена Рашэтнікава і іншыя рабочыя. Іх постаці ў ярка-жоўтым спецадзенні мільгаюць на вуліцах райцэнтра на пешаходных дарожках, пад вокнамі шматпавярховак, на алеі Герояў – там, дзе гурбы снегу, пад нагамі лёд або ляжыць густым слоем апалае восеньскае лісце. Жаночымі рукамі наводзіцца глянец, горад ачышчаецца ад бруду, фарбуюцца жалезабетонныя агароджы, дарожныя знакі.

Рабочы па добраўпарадкаванні Мікалай Сіўцоў не так даўно прыйшоў у калектыў камунальнікаў, але ўжо займеў павагу і давер. Імкнецца дакладна выконваць даручэнні кіраўніцтва, прытрымлівацца дысцыпліны і рэжыму работы, бо без гэтага, вядома ж, нельга дасягнуць парадку і гармоніі ні ў працоўнай дзейнасці, ні ў адносінах з калегамі.

Мікалай Сіўцоў.

Але ж наш дабрабыт залежыць і ад нас. Давайце будзем беражліва адносіцца да чужога клопату, любіць сваю малую радзіму, родны горад і людзей, што тут жывуць.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика