Таццяна Струк і Любоў Галубіцкая ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Гомельскіх аблвыканкама і Савета дэпутатаў

З нагоды 100-годдзя ўтварэння БССР ганаровымі граматамі Гомельскіх аблвыканкама і Савета дэпутатаў і медалём адзначаны настаўніца Меркулавіцкай школы Любоў Галубіцкая і дырэктар ААТ «Отар» Таццяна Струк. Гэтыя жанчыны сапраўды вартыя дзяржаўнай узнагароды, бо зрабілі для Чачэршчыны шмат карыснага.

Праца на ніве культуры і педагогіка ў жыцці Любові Аляксандраўны цесна перапляліся. Ураджэнка Хойніцкага раёна мае ўсяго тры запісы ў працоўнай кніжцы аб прыёме.

Першы быў зроблены, калі займала пасаду дырэктара Лоеўскага дома культуры, другі – як была мастацкім кіраўніком у клубе в.Востраў, што на Рагачоўшчыне. А з 1976 года свае сілы, веды, талент і душу аддае чачэрскаму краю. Тут прафесію культработніка змяніла на настаўніцкую, скончыўшы завочнае аддзяленне Мазырскага педінстытута. Ад выхавацеля прышкольнага інтэрната ішла па службовай лесвіцы, выкладаючы ўрокі спеваў, потым замежнай, рускай мовы і літаратуры ў Меркулавічах. А ў 1986-м узначаліла ўстанову адукацыі. Амаль чвэрць стагоддзя дырэктарства наклалі свой адбітак на яе характар і лёс. Менавіта ў той перыяд завязаліся сяброўскія сувязі з адной германскай дабрачыннай арганізацыяй, дзякуючы гэтаму школа атрымоўвала пэўную матэрыяльную падтрымку, аказвалася валанцёрская дапамога шматдзетным і няпоўным сем’ям аграгарадка, нямоглым пенсіянерам на працягу 20 гадоў.

Куды б ні завялі шляхі-дарогі гэту жанчыну, яна брала ў спадарожнікі аптымізм і музыку. З першага дня дзейнасці народнага ансамбля «Чачэрскі гармонік» – у складзе калектыву. Садзейнічала яго росквіту, моцы, славе. Скарбонка яе творчых перамог вялікая: лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў «Грай, гармонік!», конкурсаў «Звіняць цымбалы і гармонік», «Беларусь – мая песня», «Беларуская полька» і інш. На яе рахунку шмат падзяк і ўшанаванняў за багаты педагагічны вопыт, а самая высокая атрымана ад міністра адукацыі.

У раёне Любоў Галубіцкую пазнаюць і знешне, і па голасу, і па манеры заліхвацкі выводзіць акорды на двухрадцы. За што яе прозвішча занесена ў адну з кніг традыцыйнай культуры і этнаграфіі Беларусі. А некалькі гадоў таму ўшанавана пачэсным званнем Ганаровага грамадзяніна Чачэрскага раёна. У свой час Любоў Аляксандраўна прымала актыўны ўдзел і ў грамадскім жыцці: сакратар камсамольскай і партыйнай арганізацый, старшыня прафсаюзнага камітэта школы. Зараз на заслужаным адпачынку, але працягвае весці ўрокі нямецкай мовы і радаваць музыкай.

За працу на роднай зямлі

Жанчына-легенда, інакш не скажаш пра вядомага на ўсю рэспубліку кіраўніка ў сферы сельскай гаспадаркі Таццяну Струк.

Калісьці ёй выпала ўзначаліць калгас, якому пагражаў заняпад. Сілай характару, жаночай упартасці і прынцыповасці яна здолела наладзіць работу на ўзроўні, вывела сельгаспрадпрыемства з адсталых у фаварыты, зарыентавала калектыў на вынік і пабудавала вытворчы працэс на новы, перспектыўны, лад. Неабыякавасць да дзяржаўнага, непрымірымасць з гультайствам, клопат пра народнае і агульнае, любоў да зямлі і малой радзімы – якасці, якія спадарожнічаюць Таццяне Аляксееўне. А яшчэ дапамагаюць людзі, такія ж зацікаўленыя, адданыя сваёй прафесіі, як і яна. Шмат перамог, заваяваных вяршынь на ліку вядомай у Беларусі гаспадаркі. Пра поспехі отарскіх хлебаробаў пісалі газеты, паказвала тэлебачанне. Рос дабрабыт вяскоўцаў. Гэта спрыяла дырэктарскаму аўтарытэту, павазе калектыву, землякоў і даверу вышэйшага кіраўніцтва: Таццяна Аляксееўна была абрана дэпутатам мясцовага, а таксама раённага Савета дэпутатаў трох скліканняў, абараняла інтарэсы чачаран у Савеце Рэспублікі. Ёй прысвойваўся тытул «Чалавека года» вобласці ў намінацыі «Чалавек на зямлі». Не раз прызнавалася лепшым кіраўніком галіны. Удастоена звання Ганаровага грамадзяніна раёна. Мае медаль «За працоўныя заслугі», ушаноўвалася граматамі Нацыянальнага Сходу РБ, абласнога і раённага выканкамаў і Саветаў дэпутатаў. Шмат гадоў яе імя на Дошцы гонару края, а ААТ «Отар» красавалася на абласной, як лепшая арганізацыя сельскай гаспадаркі. Прыемна, што ў чарговы раз намаганні Таццяны Аляксееўны заўважаны і адзначаны. І нашы віншаванні – ад шчырага сэрца.

В. БАГДАНОВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика