Сям’я актыўная ды таленавітая

Маладыя сем’і здольныя не толькі шчыра працаваць ды выхоўваць дзетак. Акрамя таго, у іх вялікія творчыя запасы. У вольны час бацькі захапляюцца музыкай, рукадзеллем, цікавяцца гісторыяй малой радзімы, далучаюць да актыўнага ладу жыцця сваіх крывіначак. У гэтым можна было пераканацца на абласным конкурсе «Лепшая маладая сям’я Гомельшчыны-2018».
Дарэчы, творчае спаборніцтва праводзілася дзясяты раз. У гэтым годзе фінальны этап, у якім удзельнічалі дзевяць каманд, праходзіў у Рэчыцы. На адкрыцці вітала канкурсантаў і балельшчыкаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Таццяна Кручко. А прадстаўлялі чачэрскі край на мерапрыемстве Васіль і Дзіяна Лісімавы з дочкамі Міленай і Палінай. Мясцовы квартэт з групай падтрымкі прывёз у горад на ўзбярэжжы Дняпра шмат цікавага. На выставе ў фотаздымках расказвалася гісторыя кахання. Вось маладыя на спатканні, вось нарадзілася немаўля, вось муж і жонка пілуюць вялізнае бервяно… У дадатак непасрэдныя дзіцячыя малюнкі, а да таго ж шэраг вырабаў, зробленых рукамі гаспадыні. Васіль і Дзіяна сустрэлі журы народным танцам пад песню Валянціны Пранкевіч з акампанементам аўтара. На сцэне канкурсанты дэманстравалі творчую візітную картку. Чачаране з выдумкай і жартам адлюстравалі сваё сямейнае жыццё. Гаспадар паказаў сябе дамавітым майстрам – і адкуль толькі ўзялася другая пара рук?! Пад стаць і жонка, якая скончыўшы хатнія справы, спрытна ператвараецца ў танцоўшчыцу. Але ж быстрэй за ўсіх школьніца Мілена – яна есць канфеты за траіх. У наступным нумары, які раскрыў талент удзельнікаў, Лісімавы звярнуліся да ваеннай тэмы. Вельмі кранула гледачоў інсцэніроўка пра гераізм салдата, пакуты дзяцей, жорсткасць фашызму.
На жаль, у тройку лідараў чачаране не трапілі. Яны атрымалі Дыплом за ўдзел, а таксама каштоўны прыз і запрашэнні на навагодняе прадстаўленне. Узнагароджванне праводзіў старшыня журы, намеснік дырэктара РУП радыётэлецэнтр «Тэлерадыёкампаніі «Гомель» Дзмітрый Дзянісаў. Пальму першанства прысудзілі сям’і з Нараўлянскага раёна, на другім месцы прадстаўнікі Жыткавіч, на трэцім – рэчычане. Тым не менш Лісімавы не сумавалі, а вярталіся дадому ў добрым настроі. Вядома, творчасць толькі ўмацоўвае сямейнае шчасце.
Лідзія ХАРАШЫЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика