да чытача – з павагай

Бібліятэчная работа патрабуе не толькі добрых ведаў і прафесіянальнага падыходу, але, як паказвае практыка, і шырыні чалавечай душы, уласнага захаплення працай і любві да людзей. Усімі гэтымі якасцямі валодае бібліятэкар Залескай бібліятэкі Марына Хрысціна. Нездарма гэта культурная ўстанова лічыцца адной з лепшых у раёне. Чым жа яна прываблівае чытача?
– Да кожнага, хто наведвае нашу бібліятэку, ставяцца з павагай, – расказвае Марына Пятроўна. – Мэта бібліятэчнага работніка – каб запатрабаванні чытача былі поўнасцю задаволены і яму хацелася вярнуцца сюды зноў і зноў. Сёння да паліц з кнігамі прыходзіць у сярэднім за год каля 400 чалавек. Кніжны фонд складае 14 845 экзэмпляраў. Кнігавыдача за мінулы год дасягнула амаль 9 тысяч экзэмпляраў. Кнігу любяць дзеці і дарослыя. Для састарэлых жыхароў вёскі Куклічы арганізавана дастаўка мастацкіх выданняў на дом. Наогул жа, сярод пенсіянераў самым актыўным чытачом з’яўляецца Еўдакія Іванаўна Чэпікава з Залесся. Шмат літаратуры бяруць і яе родныя. Пастаянна цікавяцца новымі творамі былы бібліятэкар Еўдакія Бабкунова і мясцовая жыхарка Еўдакія Загорцава. А сярод школьнікаў вернай сяброўкай друкаванага слова стала вучаніца 5 класа Аліна Паціпка: па падвядзенню вынікаў сярод аматараў чытання за 2011 год сярод дзяцей і падлеткаў яна атрымала Дыплом у намінацыі “Чытач года”.
Асаблівасць гэтай вясковай бібліятэкі ў тым, што з мэтай захавання і адраджэння народнай спадчыны тут яшчэ 20 гадоў назад быў створаны аматарскі клуб “Гаспадынька”. І цяпер яго наведвальнікі з ліку дзяцей і дарослых імкнуцца глыбей спазнаць бацькоўскія традыцыі і перадаць іх нашчадкам у першародным варыянце. Добрым памочнікам у арганізацыі пасяджэнняў і напісанні святочных сцэнарыяў Марына Пятроўна назвала Святлану Маславу. Да таго ж яна выпякае дужа смачны хлеб, рэцэптамі якога з задавальненнем дзеліцца з аднавяскоўцамі. Члены аматарскага клуба праводзяць паказ народных абрадаў “Вялікдзень”, “Шчодры вечар”, “Тройца” і інш. Тут сабрана вялікая колькасць народных замоў і малітваў. З мэтай патрыятычнага выхавання створаны куток баявой славы, праводзяцца ўрокі мужнасці, вядзецца летапіс вёскі, бібліятэкі і гаспадаркі. Дэманструюцца тэматычныя кніжныя выставы. Адным словам, дзверы ў храм мудрасці не зачыняюцца. Нават рабяты, што прыязджаюць у Залессе на канікулы з розных гарадоў, становяцца абанентамі бібліятэкі. Такая прыхільнасць насельніцтва здабывалася гадамі, яшчэ калі ў 1926 годзе ў хаце Ф.Масціпанава была адкрыта хата-чытальня і кніжны фонд яе складаў усяго 45 экзэмпляраў. Цяпер кнігі пастаянна абнаўляюцца, выбар – на любы густ. Праўда, беларускамоўныя карыстаюцца меншым попытам. Таму, каб зацікавіць чытача, Марына Хрысціна спачатку сама прачытае выданне, а потым рэкламіруе яго на аўдыторыю. Такі падыход дазваляе ствараць аўтарытэт вясковай бібліятэцы і дапамагае пашыраць кола кнігалюбаў-аматараў.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика