работа кожнага – на віду

У чарговы раз адзначылі сваё прафесійнае свята камунальнікі нашага раёна. У мінулую пятніцу яны сабраліся, каб адпачыць пасля чарговага напружанага працоўнага тыдня. Ля кінаканцэртнага цэнтра “Акцябр” выстраілася шарэнга тэхнікі КЖУП “Чачэрскае”, на якой кожны дзень вадзіцелі і механізатары выконваюць розныя работы: на трактары МБТ-461 працуе Мікалай Карчэўскі; на ўборачна-пагрузачнай машыне МПУ-320 – Андрэй Пастушэнка, на аўтавышцы – Яўген Шанцаў, на магутным МАЗе-5902 (смеццевоз) – Міхаіл Халяўкін; вакуумным аўтамабілі – Віктар Ткачэнка, МАЗе-49439 – Алег Зюрын і іншыя. А прадстаўляў тэхніку начальнік гаража Аляксандр Музычэнка.
Прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў і шматлікія выставы ў файе кінатэатра.
Трэба зазначыць, што артысты ўстаноў культуры Чачэршчыны ў гэты дзень адпачывалі. Канцэртная праграма была складзена і праведзена спецыялістамі і рабочымі КЖУП “Чачэрскае”. Нездарма гэта арганізацыя налічвае больш за 400 чалавек. Тут ёсць свае самародкі, якія не толькі добрасумленна выконваюць прамыя абавязкі, але і маюць артыстычныя здольнасці. Ужо чацвёрты год цудоўна вядуць святочныя вечары на прафесіянальных святах Таццяна Капусціна і Віктар Дранкін. Парадавалі гледачоў сваімі выступленнямі Марына Марозава, Святлана Райкова, Аляксандр Аўдзееў, Васіль Якімаў, Васіль Ляончыкаў. Прымалі ўдзел у канцэрце і дзеці камунальнікаў. Бурнымі апладысментамі прысутныя дзякавалі Ксеніі Шэвялёвай за прафесіянальна і захапляюча выкананы ёй усходні танец, а яшчэ ўдзельніцам узорнай вакальнай эстраднай студыі “Дзеці сонца” раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Віншаванні ў адрас камунальнікаў часта гучалі са сцэны. Уручалі ўзнагароды намеснікі старшыні райвыканкама Пётр Несцяровіч і Дзяніс Цімашэнка, старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Малюкоў. Шмат цёплых слоў за бездакорную працу сказалі і дырэктар прадпрыемства Аляксандр Хацкевіч, галоўны інжынер Аляксандр Ігнаценка. Многім уручаны Ганаровыя граматы і грашовыя прэміі.
Не забыты былі і ветэраны. Кожнага чакаў прыемны сюрпрыз – грашовая ўзнагарода і жывая ружа. А Кацярыне Мінянковай, якая аддала роднаму прадпрыемству больш за 40 гадоў свайго жыцця, старшыня раённага Савета ветэранаў Пётр Мельнікаў уручыў каштоўны падарунак.
І гэта цудоўна, што работнікі такой важнай службы раёна дружна адзначаюць сваё прафесійнае свята. Яны ўмеюць не толькі працаваць, але і адпачываць. Як зазначыў адзін з выступаючых, праца камунальніка ў кожнага на віду. Таму трэба старацца выконваць яе сумленна.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика