“Масленка красненька”

Хоць і рымсуе пакуль надвор’е, але паветра ўжо прасякнута пахамі надыходзячай вясны. Асабліва адчулася яе набліжэнне ў мінулую нядзелю, калі на цэнтральнай плошчы горада чачаране святкавалі Масленіцу. Дзеці каталіся з горкі, забаўляліся ў гульні непадалёк ад сцэны. Дарослыя сачылі за тэатралізаванай дзеяй ды смакавалі шашлыкі, а моладзь тоўпілася каля прызавога слупа. У некаторых хлопцаў атрымоўвалася дацягнуцца рукой да каробкі з прызам, а жыхар горада Дзяніс Сарокін нават тройчы дапаўзаў да самага верху і забіраў выйгрыш. Узнагародай юнакам за іх сілу і спрытнасць былі мяхі з бульбай, зернем і камбікормам, цукеркі, пральны парашок і іншыя тавары.
Народ весяліўся і адпачываў. На жаль, пакаштаваць гарачых блінцоў у той дзень жадаючыя не змаглі: ці то “печ прадзіравілася”, ці мука скончылася, ды толькі традыцыйнай стравы аматарам беларускай кухні не было прапанавана. Але гэта не сапсавала настрой прысутным. Галоўнае, пудзіла Зімы спалілі, а значыць – хутка і сонейка сагрэе нас сваім цяплом.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика