праца на карысць грамадству

У. Гусакоў з катэгорыі тых людзей, хто з вялікай любоўю адносіцца да сваёй малой радзімы і праяўляе клопат аб дабрабыце роднага краю. Сёння ён – заслужаны дзеяч навукі. Кожны дзень Уладзіміра Рыгоравіча напоўнены мноствам неадкладных спраў. Але памяць так часта вяртае яго ў мілыя сэрцу мясціны – на Чачэршчыну, у родную вёску Батвінава. Тут прайшло яго залатое дзяцінства. І сумленне ніколі не дазваляла страчваць сувязі з землякамі. Уладзімір Рыгоравіч унёс вялікі ўклад у працэс будаўніцтва храма Пакрава Прасвятой Багародзіцы. Святыня нядаўна ўрачыста адчыніла свае дзверы прыхажанам. Для яго, як і для сяльчан, а таксама жыхароў усяго раёна, гэта было адной з самых важных падзей у жыцці.
А які працоўны шлях за плячыма ў навукоўца Гусакова? Чым займаецца зараз? Адказы на гэтыя пытанні, без сумнення, цікавяць многіх.
Дзейнасць Уладзіміра Рыгоравіча можна сімвалічна падзяліць на некалькі перыядаў. Кожны з іх – ступень па лесвіцы да поспеху, сэнс якога – прыносіць як мага больш карысці грамадству. У 1976 годзе У.Гусакоў скончыў Беларускую дзяржаўную сельгасакадэмію ў г.Горкі, у 1981 годзе – аспірантуру пры Беларускім навукова-даследчым інстытуце эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі ў г.Мінску. А праз некалькі год, у 1984-м, абараніў кандыдатскую дысертацыю ў латвійскім горадзе Елгава. У гэты час малады вучоны актыўна працаваў над праблематыкай удасканалення ўпраўлення ў аграпрамысловым комплексе, павышэння эфектыўнасці працы упраўленцаў, распрацоўваў методыкі адзнакі дзейнасці, дзелавых і асабістых якасцей кіраўнікоў і спецыялістаў, арганізацыі і ўдасканалення гаспадарчага разліку. З 1989 па 1994 год працягваўся перыяд навуковага станаўлення. Вучоба ў дактарантуры Усесаюзнага інстытута эканомікі і сельскай гаспадаркі, абарона дысертацыі на атрыманне навуковай ступені доктара эканамічных навук у г.Маскве значна абагацілі багаж ведаў і далі новы штуршок для плённай работы. У гэты час Уладзімір Рыгоравіч правёў серыю навукова-даследчых работ па пераходу ад адміністрацыйнай эканомікі да рыначнай, фарміраванню рыначнага аграрнага гаспадарчага механізма, выпрацоўцы сістэмы мер і методык рыначнага рэфарміравання АПК, станаўлення нацыянальнага аграбізнесу і прадпрымальніцтва. Эфектыўная праца была па заслугах ацэнена ў навуковых колах Беларусі. У 1996 годзе У.Гусакоў абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь, у наступным годзе – віцэ-прэзідентам, а ў 1999-м – акадэмікам гэтай жа акадэміі. Той час патрабаваў буйных распрацовак па ўстойлівасці рыначнага функцыянавання нацыянальнага АПК у новых умовах, станаўлення розных форм уласнасці і гаспадарання, станаўлення і сбалансаванасці ўнутранага рынку харчавання, выпрацоўкі сістэмы крытэрыяў харчовай бяспекі краіны. Над выкананнем гэтых важных задач штодзённа працаваў У.Гусакоў.
У 2002 годзе Уладзіміра Рыгоравіча назначаюць на пасаду віцэ-прэзідэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і адначасова акадэмікам-сакратаром аддзялення аграрных навук НАН Беларусі. Праз год ён ужо намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук. І ў гэтым жа, 2004-м, Гусакову прысвоена ганаровае званне – Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь. За гэты перыяд праведзены і працягваюць праводзіцца сістэмныя даследванні ў вобласці стварэння буйных аграпрамысловых кампаній, павышэння эфектыўнасці гаспадарання на аснове самаакупаемасці і самафінансавання, удасканалення цэнаўтварэння ў АПК, уступлення Беларусі ў сусветную гандлёвую арганізацыю і інш.
Дзякуючы навуковым распрацоўкам У.Гусакова і распрацоўкам з яго непасрэдным удзелам у Беларусі паспяхова праведзена навейшая аграрная рэформа, рэалізавана сістэма мер па пераўтварэнню традыцыйных прадпрыемстваў у структуры рыначнага тыпу. Апублікавана больш 800 навуковых прац, у тым ліку больш 20 кніг і манаграфій. І гэта яшчэ не ўсё. Дзейнасць Гусакова адзначана і замежнымі навукоўцамі. Ён абраны акадэмікам Акадэміі аграрных навук Украіны, Усерасійскай акадэміі сельскагападарчых навук, Акадэміі сельскагаспадарчых навук Казахстана. Узнагароджаны медалём і дыпломам Амерыканскага біяграфічнага інстытута. Кароткая біяграфія Уладзіміра Рыгоравіча апублікавана ў зборніку знакамітых людзей за 2006-2007 гады.
За час сваёй дзейнасці У.Гусакоў падрыхтаваў маладую змену беларускіх навукоўцаў: 18 дактароў і 11 кандыдатаў эканамічных навук. Створана моцная школа эканамістаў – аграрнікаў.
Таксама навукоўца праводзіць вялікую грамадскую працу. І ў дзейнасці для яго характэрна прынцыповая пазіцыя, якая заўсёды накіравана на дасягненне эфектыўнасці. Сваё прызначэнне ён і не бачыць у іншым. Працаваць дзеля людзей, здабываць краіне славу і эканамічную стабільнасць, накіроўваць на гэта ўсе свае намаганні – сэнс жыцця для Уладзіміра Рыгоравіча, сапраўднага грамадзяніна, таленавітага навукоўца.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика