ЧАЧЭРСКАЯ ПАША АНГЕЛІНА НА КУБАНСКІХ ПРАСТОРАХ

Цяжка сабе ўявіць, што гэта хударлявая маленькая жанчына без усялякіх цяжкасцей, попрасту магла кіраваць магутным сталёвым трактарам, без асаблівых намаганняў спраўлялася з вузламі і агрэгатамі вынослівага ХТЗ.
Свае ўспаміны пра зусім не жаночую прафесію Таццяна Максімаўна Зубава расказвае з гонарам, стараючыся не прапусціць важных момантаў. “Я ж зусім не хадзіла ў школу, не скончыла ніводнага класа.., — нібы апраўдваецца, нібы наўмысна акцэнтуе ўвагу на гэтым факце пенсіянерка. – На калгасным сходзе вырашылі паслаць мяне на курсы трактарыстаў як лепшага работніка. Я сказала, што няграматная, але мяне ўсё роўна вылучылі. Мне ж тады было няпоўных 17”. Нарадзілася жанчына ў в.Чарняўскія Малынічы. Калі перад вайной памёр бацька, дзяўчына пакінула школу, у якую пачала хадзіць толькі з паўгода, і “запісалася” у чалядкі – каму па гаспадарцы дапамагчы, каму за дзіцём дагледзець, каму гусей пасвіць. За працу з дзяўчынкай разлічваліся адзеннем, прадуктамі харчавання, іншы раз жывымі хатнімі птушкамі. А калі крыху падрасла, накіравалі на вучобу. Так яна і атрымала прафесію механізатара. Адзін час давялося сям”і Таццяны Максімаўны жыць на Кубані. “Ой, бывала, як паеду араць… Пакуль зраблю адзін круг, дык мая змена і заканчваецца. Там жа вялікія палі, неабдымныя прасторы. У дождж на палетак не выедзеш – можаш загрузнуць у слізкай багне на тыдзень”. Вярнуўшыся назад на радзіму і пасяліўшыся ў в. Падлужжа, маладая дзяўчына села за руль сталёвага сябра: арала, баранавала, сеяла, а калі маладая рунь узнімецца і заіскрыць золатам – перасядала на зернеўборачны камбайн. Разлік з калгаснікамі быў усё той жа – натураплатай, гэта значыць, хлебам, бо пасля вайны такі метад з”яўляўся распаўсюджаным і агульна прынятым. Аднойчы ў час палявых работ лемяхі плуга вывярнулі з зямлі супрацьтанкавую міну. Калі прыехалі сапёры, то на гэтым месцы знайшлі яшчэ 8 супрацьпяхотных. Смелая дзяўчына не спужалася, адагнала тэхніку далей ад небяспечнага месца. Затое брыгадзір аж пабялеў ад страху за жыццё маладой трактарысткі.
Садзілася за руль сельскагаспадарчай тэхнікі Таццяна Максімаўна з задавальненнем, як сама прызнаецца. Хоць і цяжка было, але пачэсна, усе дзівіліся яе спрытнасці, многія нават зайздросцілі. Старшыня калгаса “ХХІV партз’езд” аднойчы прапанаваў перадавой работніцы прайсці курсы вадзіцеляў, аднак Таццяна Максімаўна адмовілася. Да гэтага часу яна выйшла замуж і ўжо мела дзяцей.
Зараз чачэрская Паша Ангеліна жыве ў горадзе, мае інваліднасць, і пра былое ўспамінае з настальгіяй. Нават не верыцца, што ўсё гэта было менавіта з ёй. “Так, жыццё мяне не песціла. Можа таму і трываю на свеце, што прайшла такую загартоўку працай”, – мяркуе жанчына, і на яе твары міжволі ўзнікае сціплая, непадробная ўсмешка задавальнення.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.
Фота з архіва.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика