КАРОТКАЕ ЖЫЦЦЁ ПАСЁЛКА ПАЛАМ

Аб невялічкім ціхім пасёлачку Палам Палескага сельсавета сёння напамінаюць толькі асобныя гістарычныя дадзеныя, вузкая затравелая сцяжынка на месцы некалі бойкай вясковай дарогі і верш Міхася Болсуна “Палам”. Каля 30 гадоў назад людзі пакінулі гэтае паселішча.
Сваю назву пасёлак узяў ад палому леса, пацярпелага некалі ў сувязі з буранам. Дрэвы спілавалі, і на месцы буралому паставілі хаты. Адной з першых заклала падмурак жылля сям’я Івана Рыгоравіча Болсуна. І хутка населены пункт разросся, з’явіліся новыя вуліцы. Яны не мелі пэўнай назвы, а ў народзе замацаваліся як Альхоўка, Палам, Палёўка і неслі ў сабе дэталёвую аснову. Напрыклад, на Сасноўцы раслі тоўстыя старыя сосны, пад якімі стаяў калодзеж з жураўлём. Сцюдзёнай вадзіцай жыхары паілі хатнюю жывёлу – прыводзілі на вадапой рагуль і коней. Дарэчы, рагатая скацінка мелася ў кожным двары, таму на пашу выганялі два гурты кароў. Гаргатлівых гусей выпасалі на Хапкавым балоце, дзе яны тлусцелі. Былі тут свая крама, пачатковая школа, дзе дзяцей грамаце навучала настаўніца Таццяна Афанасьеўна Камісарава. Добрую славу сярод аднавяскоўцаў займеў сталяр Іван Палянок – яго размаляваныя скрыні бойка разыходзіліся на кірмашах, бо трэба ж было маладым кабетам некуды складваць свой небагаты пасаг. У пчаляра Елісея Хішчанкі аднавяскоўцы запасаліся слоікамі салодкага мёду. Працаздольнае насельніцтва шчыравала на шчодрых палетках калгаса “Камунар”. Дружнай брыгадай выходзілі на работу, а вечарам спяшаліся на танцы. Былая жыхарка пасёлка Соф’я Іванаўна Пісарэнка ўспамінае, як моладзь ладзіла вечарыны: днём з капаніцай на кукурузным полі, а ледзьве сцямнее – хутчэй на танцы. Дзяўчаты, не маючы моднага абутку, прыбіраліся ў бліскучыя галёшы, падвязвалі драўляны абцас і – вось табе, амаль фабрычная абноўка. Самым заядлым гарманістам быў яе брат Уладзімір Болсун. З ім спрабавалі паспаборнічаць хлопцы з суседніх вёсак Краснае і Дубраўка. Але куды ім да заліхвацкага музыкі! На вясёлыя ігрышчы прыходзілі і юнакі з прыгранічных раёнаў, бо расійская тэрыторыя зусім побач, амаль за агародам. Каб чужыя кавалеры не зводзілі дзевак, мясцовыя ўхажоры стараліся спадабацца сваім прыгажуням. Ды толькі так званыя змешаныя шлюбы ўсё ж такі здараліся. Заручыліся з паламскімі красунямі і засталіся жыць “у прымах” Іван Чулкоў, Фёдар Казлоў, Іван Чуяў. Любіліся закаханыя, ладзіліся вяселлі, адзначаліся радзіны. Сем сыноў і дачок нарадзілася ў сям’і Цімафея і Хадоры Пісарэнкаў, шэсць – у Рамана і Ганны Болсун. Малых і аднавяскоўцаў ад нагавору і злых языкоў лячыла малітвамі і добрым словам бабка Домна. А хрысціліся праваслаўныя ў хаце Гаўрылы Хішчанкі, куды раз-пораз наведваўся святы айцец з райцэнтра. Так і жыў народ. Падчас вайны крыло фашысцкай акупацыі захапіла і Палам. Мужчыны пайшлі хто на фронт, хто застаўся біць ворага ў тыле. За сувязь з партызанамі былі раcстраляны дзве сям’і. Шмат хто застаўся ляжаць пад в.Лапаціна Гомельскай вобласці, іх прозвішчы залатымі літарамі выбіты на помніку загінуўшым у Пакалюбічах. Дадому вярнуліся не ўсе. А калі прыйшла Перамога, жыццё адрадзілася зноў. І зноў – калгасная работа ад цямна да цямна. Шмат часу за рулём старэнькага газона-палутаркі правёў Іван Чуяў, не адзін дзесятак кіламетраў пераадолелі вадзіцелі Іван Цімафеевіч Пісарэнка і яго брат Мікола, Іван Сяргеевіч Зубараў і Іван Фёдаравіч Хішчанка. Доўгі час Палескі сельскі Савет узначальваў Аляксей Фёдаравіч Мельнікаў.

…Зарасла тая крынічка, на якую маладзіцы хадзілі праць бялізну. Перасохла няспешная Рэчка, у якую з Каўпіты заплывалі тлустыя шчупакі. Не шыпяць на гарачым агні чыгуны з кісялём і наварыстай кіслухай. І толькі чалавечая памяць жыве і не дае спакою сэрцу: шкада, што жыццё маленькага пасёлка было такім нядоўгім.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика