90-я вясна Вольгі Калачовай

Вось і мінула паважная 90-я «жаночая вясна» працаўніцы тылу, жыхаркі аграгарадка Залессе Вольгі Васільеўны Калачовай.
Калачева О.Вас.Здаецца, толькі-толькі бегала на работу, рана ўставала ды позна клалася, турбавалася пра грамадскае, пра агульнае і дзяржаўнае, а ўжо і сталасць напаткала. Ні многа ні мала, амаль 50 гадоў Вольга Васільеўна шчыравала на карысць роднай гаспадаркі ў паляводчай брыгадзе, на зернетаках і на шырокіх палетках. Прычым гэта багаж толькі яе афіцыйнага стажу. Аднак ужо з 13 гадоў яна ўмела і карову падаіць, і на бульбакапалцы адна з лепшых. За старанную працу адзначана медалямі «Ветэран працы» і «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў», нагруднымі значкамі «Ударнік 10-й пяцігодкі», «Пераможца сацыяльнага спаборніцтва» 1976 года, «Ударнік камуністычнай працы», «За доблесную працу ў гонар 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна». Лічылася лепшым паляводам, робячы ў месяц да 35 выхадаў – у дзве змены на надзелах з буракамі, сенам, турнэпсам, лёнам. Яшчэ тры гады назад яна разам з аднавяскоўцамі, такімі ж руплівымі і нераўнадушнымі пенсіянерамі, дапамагала гаспадарцы «Звязда» ў пераборцы бульбы. Усё сваё жыццё Вольга Васільеўна ў паўсядзённым клопаце мазольнымі рукамі здабывала краіне хлеб, аднаўляла парушанае вайной, майстравала шчаслівую будучыню нашчадкам. Пра гэта жанчына можа расказваць доўга, дасканала, падрабязна і з аптымізмам, крыху шкадуючы пра тое, чаму ўжо ніколі не вярнуцца.
Прабег час, і вось – 90! З нагоды юбілея пажадалі выказаць словы любові імянінніцы старшыня раённага Савета ветэранаў Ірына Мінянкова, наведвальнікі дзённага аддзялення прабывання для людзей сталага ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і члены валанцёрскай брыгады ТЦСАН «Дапамога – у кожны дом». Яны прыехалі да юбіляршы не з пустымі рукамі, а прывезлі падарункі, салодкія пачастункі, кветкі і, самае галоўнае, сваю павагу, шчырыя абдымкі, цеплыню сэрцаў. Многае лета!

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика