Жыхар Чачэрскага раёна – прыклад у працы

У Адзінстве з той рэдкай на вёсцы моцнай паловы чалавецтва пенсіянер Васіль Баброў самы актыўны, пазітыўны і вясёлы.
IMG_5255Калі каму спатрэбіцца мужчынская сіла, магутнае плячо, падтрымка і дапамога – ён ніколі не адмовіць. Адышоў электрапровад ці перастала шумець пральная машына, неабходна нешта падбіць, замазаць, вытачыць – ён тут як тут. А калі надыходзіць час пасяўной, яго конік Кузьма літаральна нарасхоп. Па восені людзі таксама ідуць да Васіля Давыдавіча за запражной жывацінай. І Кузьма добрасумленна пераворвае пласт за пластом, сотку за соткай, агарод за агародам.
Гэта цяпер, калі пайшоў на заслужаны адпачынак, у руках вясковага мужчыны засталася толькі конская збруя ды «вожкі». А калісьці яго спрытным пальцам чаго толькі не давялося перамацаць, перашчупаць, пакруціць. Працаваў ён і ў ДЭУ-115, і ў райнарыхтоўцы, і качагарам, і жывёлаводам. Круціў баранку на калёсных і гусенічных трактарах, быў аператарам газаразмеркавальнай станцыі. Адным словам, «паеў хлеба ўсялякага», ніякой працы не цураўся. Дый і зараз знаходзіць клопат старанным рукам, бо на падворку крычаць і гіргочуць 100 галоў хатняй птушкі рознага «каліберу», рухкаюць у хлеве парсюкі, ды чакаюць вострага ляза сакавітыя шаўковыя травы на корм такому вялікаму статку. Прывабна выглядае і сам дом, нібы прынарадзіўся ў святочны ўбор і радуецца сонцу, дажджу і буйнай ліпеньскай квецені.
…Калі неба бясхмарнае, а ўсе работы перароблены, можна і на лаўцы пасядзець, зацягнуцца цыгарэткай, ды пагутарыць з вяскоўцамі пра жыццё-быццё. А яно ў пенсіянера доўгае, плённае, турботнае і, разам з тым, шчаслівае, бо для гэтага ёсць падстава: уласны вугал, выдатная гаспадарка, клапатлівая жонка, дзеці і добрыя суседзі.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика