На свята гадалі ў чачэрскім музеі
У святочныя дні добра ўспомніць традыцыі продкаў, даведацца пра нешта новае, сустрэцца з цікавымі людзьмі.

На Вадохрышча гімназістаў запрасілі ў музей на тэматычнае мерапрыемства, якое правяла галоўны захавальнік Людміла Філюшкіна. Яна вітала гасцей у нацыянальным касцюме, пазнаёміла з гісторыяй свята, паказала старажытныя іконы. Вялікую цікавасць выклікала прапанова пагадаць. Так бавілі час нашы бабулі і сёння не менш займальна зазірнуць у будучыню. Хлопцы і дзяўчаты спрабавалі пабачыць свой лёс у кроплях воску, якія застывалі на вадзе.
Потым старанна каталі кальцо і ўважліва сачылі, куды яно накіруецца. Калі ў бок дзвярэй – кагосьці чакае дальняя дарога. Ці наканавана ў гэтым годзе быць у пары? Каб даведацца, трэба толькі дастаць жменю фасолі з мяшочку ды пералічыць. Атрымаецца цотная колькасць – значыць знойдзецца другая палавіна. Завяршылася сустрэча вясёлымі каляднымі песнямі, пачастункамі ды добрымі пажаданнямі.
Лідзія ХАРАШЫЛАВА.

