МІНУЛАЕ Ў СУПЯРЭЧЛІВЫХ АДЦЕННЯХ

Пасля таго, як на старонках нашага выдання быў апублікаваны матэрыял мінулых гадоў, у рэдакцыю завітала жыхарка райцэнтра Надзея Фёдараўна Сінельнікава. Справа ў тым, што на старонках раённай газеты таго часу ў матэрыяле “Ашуканец прыцягнуты да адказнасці” паведамлялася аб тым, што Кароткі Васіль Максімавіч, які працаваў с 18 чэрвеня па 20 верасня 1936 года загадчыкам Асінаўскай крамы Палескага сельпо, быў абвінавачаны ў сістэматычным падробе дакументаў і прысваенні кааператыўных грошай і іншай маёмасці. Справа павінна была хутка слухацца ў нарсудзе Чачэрскага раёна. Так, па словах жанчыны, у 1937 годзе і адбылося. Пра гэта расказвала ёй яе маці Лізавета Максімаўна (сястра асуджанага). Ды і шмат чаго дзяўчынка чула ад бабулі Таццяны Іванаўны (маці В.М. Кароткага).
– Ведаеце, – з хваляваннем распавядае Надзея Фёдараўна, – гэтая публікацыя для мяне як выбух з мінулага. На працягу ўсяго майго жыцця да таго часу, як памерла бабуля, наша сям’я вымушана была несці гэты маральны цяжар. Я разумею, што час не павернеш і справядлівасць не адновіш. Ды і хто паверыць ў простыя словы, ўспаміны.
Але калі гэтыя самыя ўспаміны стануць своеасаблівым выкананнем абавязку для жанчыны, то чаму б і не. Тым больш, што для сучаснікаў будуць цікавымі і некаторыя іншыя моманты, пра якія распавядалі жывыя сведкі таго часу. Як расказала Надзея Фёдараўна, некалі жылі на вёсцы браты, самага старэйшага звалі Кандрат, а малодшага – Максім. Яны мелі сваю справу: добрымі кавалямі былі. Але Максім, як расказвала бабуля (яго жонка), меў большы поспех, да яго нават з-за мяжы ехалі. Яго сын Васіль і працаваў у краме. Пасля таго зласчаснага дня, калі пры рэвізіі была выяўлена недастача, вобыск праходзіў і ў хаце. Суседзі і некаторыя аднавяскоўцы не верылі ў тое, што да махінацыі мае дачыненне гэты чалавек. Добра ведалі маладога Васіля і тыя, хто працаваў разам. Ды і ўвогуле, добрасумленныя хлопцы раслі ў сям’і Кароткіх, заўсёды ветлівымі і ўважлівымі былі. Але час той быў суровы. Пляменнік Максіма Ціхан (сын старэйшага брата Кандрата) тады працаваў у раённым аддзеле народнага камісарыяту ўнутраных спраў. І колькі не хадзілі да яго родныя арыштаванага, не атрымалася знайсці дапамогу і дабіцца праўды. Тады і апублікавала раёнка “Сцяг калектывізацыі” 5 сакавіка 1937 года матэрыял “Ашуканец прыцягнуты да адказнасці”. Васіль быў асуджан. Пасля ў хуткім часе і бацьку Васіля Максіма Аўрамавіча хутка забралі. Аднавяскоўцы тады шмат гаварылі, і самі родныя лічылі, што прычынай усёй гэтай трагедыі стала варожасць паміж роднымі. Бабуля Надзеі Фёдараўны расказвала, што пасля таго, як аднойчы яна прыйшла да будынка НКУС (а гэта было аж за 30 кіламетраў ад вёскі) і ні з чым вярталася назад, адзін мужчына дагнаў яе і параіў, каб не хадзіла яна больш, таму што ўсё гэта марная трата часу і сіл.
– Такое выдумаць нельга, – глытаючы слёзы гаворыць Н.Ф.Сінельнікава. – Тое кляймо ”вораг народа” родным і блізкім Васіля Кароткага прыйшлося пранесці праз усё жыццё. Перанеслі столькі пакут і столькі выплакалі ўсе ў свой час. Дзядзька Васіль вярнуўся з турмы. Але шукаць бацьку пачаў ужо пасля смерці І.Сталіна. Даведаліся тады, што ён памёр на астравах Зямля Франца-Іосіфа (Расія).
Можна ўявіць, як “пакалечыла” жыццё самога Васіля Кароткага. Канешне, з цягам часу ён адбудаваў дом, працаваў у лясной гаспадарцы. Жыццё ішло. Але ж такое нельга забыць, ці перакрэсліць. Тое, праз што прыйшлося прайсці ў турме пад час Вялікай Айчыннай, наўмысны паклёп, як лічылі родныя, зрабілі сваю справу…
– Я і не прыйшла б да вас, калі б некаторыя з родных былі яшчэ жывыя, – з хваляваннем гаворыць Н.Ф.Сінельнікава. — І нават таму, што не ўзяла б на сябе смеласць варушыць і без таго вялікую рану ў душы бабулі і маці, якія праз усё жыццё пранеслі гэты боль адчаю ад жорсткасці часу і людской злосці.
Такая трагедыя не адзінкавая. У той час ахвярамі абставін станавіліся мільёны людзей. Асноўная іх частка так і пайшла з жыцця з незаслужаным кляймом “вораг народа”.
Таццяна ЯКУБОЎСКАЯ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика