Дабрачынная ёлка на Чачэршчыне сабрала сяброў
Напярэдадні Новага года на Чачэршчыне на базе залескай установы адукацыі традыцыйна адбылося вясёлае дзіцячае свята – адзінаццатая па ліку дабрачынная навагодняя ёлка, што праходзіць пад эгідай міратворчай акцыі. Павадзіць карагоды і паглядзець на казачныя імпрэзы прыехалі рабяты з суседніх Кармянскага, Рагачоўскага, Буда-Кашалёўскага, Добрушскага, Веткаўскага і, канешне ж, Чачэрскага раёнаў. З мэтай умацавання прыгранічнага сяброўства далучыліся да агульнай эйфарыі казачнага прадстаўлення рабяты з Краснагоршчыны Бранскай вобласці. Усяго больш за 60 хлопчыкаў і дзяўчынак танчылі, бавіліся і жартавалі на агульным фэсце дружбы, радасці і настрою. Старшыня Гомельскага абласнога аддзялення «Беларускі фонд міру» Цімафей Іванавіч Глушакоў уручыў падзячныя лісты прадстаўнікам дэлегацый, пастаянным удзельнікам мерапрыемства, і адміністрацыі школы, а член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Галіна Трыбунах атрымала сімвалічны медаль фонду, як лепшы кіраўнік у сферы сельскай гаспадаркі і міратворац года.



















