Рытмічныя рухі ў жыццё
Вядома, што ў прафесію, як правіла, прыходзяць па закліку сэрца, або трапляюць туды па інэрцыі.
Што тычыць балетмайстра раённага Дома культуры Вікторыі Унукавай, яе выбар быў зусім не выпадковы. Танчыць і вытвараць розныя выкрунтасы яна пачала даўно. І ў школьным узросце, і ўжо значна пазней любіла выдаваць каленцы ў якіх-небудзь танцавальных рытмах, на дыскатэках і проста так, для сябе. Але першае асэнсаванне таго, што яе жыццёвы шлях – творчы, прыйшло да дзяўчыны неўсвядомлена яшчэ ў пяцігадовым узросце, калі Вікторыя і не думала пра будучае. Аднойчы, седзячы са сваёй бабуляй, тая выказала меркаванне запісацца ўнучцы ў гурток дзіцячай самадзейнасці. Аднак спроба аказалася няўдалай. Давялося змяніць вакал на харэаграфію, толькі і тут спачатку нешта не ладзілася. Да таго часу, пакуль Вікторыя не стала займацца чэрлідзінгам і не толькі вывучаць прапанаваныя кіраўніком рухі, але і самой прыдумваць свае варыянты кампазіцый і рытмікі. Гэта і дало штуршок для выбару прафесіі – пасля заканчэння СШ №2 выпускніца накіравалася на вучобу ў каледж мастацтваў імя Н.Сакалоўскага. У жніўні дзяўчына прыехала ў родны горад па мэтаваму размеркаванню і набрала чатыры групы дзяцей, навучаючы іх сучасным відам танца. Але разам з «Contemporary dance» не забывае паказаць хлопчыкам і дзяўчынкам асноўныя па і варыяцыі беларускіх народных: «Лявоніха», «Крыжачок», «Ручнікі» і інш.
Лічу, мой выбар быў не выпадковы, – усміхаецца Вікторыя. – У нас гэта сямейнае, бо мой дзед калісьці працаваў дырыжорам, бабуля выдатна танчыла, а маці добра спявае і іграе на фартэп’яна. Так што, мастацтва і культура – у крыві. Я рада, што не памылілася і зрабіла правільны крок. Хаця раней меркавала быць настаўніцай або выхавацелем у дзіцячым садку.
Асаблівых планаў на будучае балетмайстар пакуль што не будуе, не хапае з неба зорак і не мроіць пра кар’еру. Яе мэта больш прызямлёная – танчэй адточваць сваё прафесійнае майстэрства, развіваць прыродны дар і навучыць выхаванцаў тэхніцы танца, дзе гарманічна спалучаюцца пластыка, міміка, цела набывае грацыёзнасць і правільныя формы – усё, што робіць чалавека прыгожым, стыльным, упэўненым і шчаслівым.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.
