Даследчыкі чачэрскай зямлі

Захаваць гістарычную спадчыну, працягваючы справу вядомага мясцовага дзеяча Сяргея Атрошчанкі, – такой мэце прымеркавана штогадовая раённая канферэнцыя «Жыві, чачэрская зямля». У мінулую пятніцу яна адбылася трэці раз у ратушы. 

IMG_3219

Традыцыя зарадзілася па ініцыятыве Пятра Несцяровіча ў 2014 годзе. Сёлета ўзначаліла журы намеснік старшыні райвыканкама Юлія Басаргіна. Яна прыгадала, што асабіста ведала Сяргея Іванавіча, працавала з ім. Вядома, гісторык і краязнаўца любіў малую радзіму, займаўся даследваннямі, але шмат не паспеў. Наша зямля багатая на цікавыя тэмы для вывучэння. Гэта адлюстроўвалі ўдзельнікі канферэнцыі. Падлеткі не толькі паднялі вялікі пласт мінулага, але і выказвалі свае думкі, высновы, прапановы.
Работы з дапамогай настаўнікаў падрыхтавалі 17 школьнікаў з пятага па адзінаццаты клас. Даследванні праводзіліся ў некалькіх намінацыях. «Летапіс роднага краю» дасканала ведаюць Дзяніс Акінчыц з Нісімкавіч, які заняў трэцяе месца, а таксама палясчанка Анастасія Міхаленка – на другім, Аляксандр Струкаў з камуна-ленінскай школы – на першым. Уразілі лёсы знакамітых чачаран, пра якіх шла гаворка ў намінацыі «Землякі». Трэцюю пазіцыю раздзялілі Яна Драздова з Палесся і Вікторыя Процка з СШ №2, другой стала гімназістка Анастасія Кудрачова, Дыплом першай ступені ў Марыны Прывалавай, якая прадстаўляла сідаравічскую школу. «Культурная спадчына і этнаграфія» прыцягнула ўвагу Дар’і Вярталь з Залесся. Дзяўчынка атрымала ўзнагароду за трэцяе месца, Лізавета Лашкіна з палескай школы – за другое, гімназістка Ангеліна Кебікава на прыступку вышэй.
Лаўрэатам канферэнцыі стала вучаніца СШ№1 Ірына Маслава. Адзінаццацікласніца вывучае гісторыю на ўроках настаўніцы Наталлі Перавознікавай, якая і была навуковым кіраўніком. Работа «Партрэт аднаго героя» ў намінацыі «Землякі» прысвечана асобе адважнага чачараніна Хаіма Шкляра, які ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны змагаўся за незалежнасць спачатку ў партызанскім атрадзе, потым – на фронце, быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай звязды. Даследваннем Ірына і Наталля Міхайлаўна займаліся некалькі месяцаў, ездзілі ў Мінск, каб сустрэцца са сваякамі Хаіма Шкляра.
Даследчая дзейнасць спрыяла паглыбленню ведаў школьнікаў. Адчувалася, што амаль кожны па-свойму пераасэнсаваў пэўную тэму, выкарыстаў некалькі вытокаў, каб раскрыць яе. Дарэчы, асабліва каштоўныя носьбіты інфармацыі сёння – старажылы раёна. Яны памятаюць многія падзеі, могуць расказаць пра мясцовыя назвы, паведаміць такія факты, якія больш не знойдзеш нідзе. У фармаце пошукаў і падрыхтоўкі да выступленняў умацоўваюцца патрыятычныя пачуцці юных чачаран, сувязь пакаленняў. Удзельнікі канферэнцыі паказалі свае здольнасці да складанай гістарычнай навукі, зацікаўленасць мясцовымі асаблівасцямі. Сучаснікі неабыякавыя да роднага краю. Верагодна, гэтым мог бы ганарыцца гісторык, даследчык і сын чачэрскай зямлі Сяргей Атрошчанка.
Лідзія ХАРАШЫЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика