«Пішу пра тое, што баліць…»

У апошні дзень жніўня ў бібліятэцы імя Герцэна абласнога цэнтра адбыўся Першы Форум маладых літаратараў Гомельшчыны. У мерапрыемстве прымалі ўдзел прадстаўнікі з Мінска, госці з Расіі і Украіны. Дыплом за трэцяе месца за дэкламацыю і першае месца ў намінацыі «Проза» за апавяданне «Мачыха» атрымаў настаўнік матэматыкі і інфарматыкі сідаравіцкай школы Сяргей Прывалаў.
Педагог прыбыў на працу ў гэтым годзе і ўжо паспеў вылучыцца сваімі высокімі інтэлектуальнымі поспехамі. Родам ён з Магілёўшчыны, скончыўшы факультэт матэматыкі і праграмавання ГДУ імя Ф.Скарыны, быў накіраваны ў наш раён. Як у маладога спецыяліста атрымаецца замацавацца на чачэрскай зямлі пакажа час, а вось паэтычна-празаічныя здольнасці пачынаючага літаратара яскрава гавораць, што Сяргей – фігура неардынарная, здольная, узнёслая. У скарбонцы яго творчых здабыткаў шмат высокіх тытулаў і дасягненняў. Спачатку ён друкаваўся ў раённых і абласных газетных выданнях, потым яго творы з’явіліся на старонках рэспубліканскіх часопісаў, а затым пабачыў свет і першы аўтарскі зборнік. Лаўрэат абласнога конкурсу кароткага апавядання імя І.Мележа, удзельнік канферэнцыі маладых літаратараў Беларусі і Расіі, уладальнік Гран-пры міжнароднага фестывалю «Берагі дружбы – 2016» і іншае – такі пералік званняў і рэгалій таленавітага паэта і празаіка. Яшчэ ў школе Сяргей пісаў неблагія сачыненні, думкамі і марамі юнай душы дзяліўся з самым надзейным сябрам і таварышам – аркушам паперы, а на спробу паэтычнага пяра рызыкнуў толькі шэсць гадоў назад. Атрымалася! Асабліва ладна і гладка ліецца рыфма, калі фантан пачуццяў перапаўняе душэўны боль, смутак, жаль. Творы добра атрымоўваюцца як на рускай, так і на роднай мове.
Але не толькі ўласныя аповяды і лірычныя вершаваныя радкі захоўваюцца ў духоўных запасніках гэтай адоранай асобы. Хлапец займаецца перакладам тэкстаў іншых аўтараў, яму падабаецца ўкладваць у апрацаваныя сюжэты новае бачанне, новае дыханне і адценне, каб пакінуць рабоце свой асаблівы адметны літаратурны адбітак. Сяргей прызнаўся, што марыць развівацца надалей і явіць свету ўласную аповесць, або раман. Трэба толькі крыху паднапружыцца, сабрацца, выбраць тэму і – сесці за працу. А пакуль што яго чакаюць дапытлівыя вучні, насычаныя ўрокі і шмат усяго, што звязана с вусна-паэтычнай дзейнасцю, мудрым словам, палётам думак. Глядзіш, неўзабаве і ў Сідаравічах будуць выкрытыя геніяльныя таленты краю, накшталт беларускіх знакамітасцяў Пятруся Броўкі, Змітрака Бядулі, Максіма Багдановіча, Янкі Лучыны, Ніла Гілевіча і іншых славутасцяў. Што ж, нам застаецца спадзявацца, чакаць і ганарыцца. Пажадаем Сяргею поспехаў, натхнення, свежых ідэй і каб усе яго планы і летуценні абавязкова здзейсніліся.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.