На хатнім падворку ў Валосавічах

IMG_1754Некалі ў Валосавічах у кожным домаўладанні рыкала кароўка, рухкалі парсюкі ды крычала на ўвесь хлеў хатняя птушка. Сёння ж на цэлую вёску толькі шэсць рагуль ды пяць коней.

Многія жыхары абмяжоўваюцца развядзеннем выключна курэй, зрэдку індавутак, качак, індыкоў ці гусак. Але жывуць яшчэ сапраўдныя гаспадары, на чыім двары шумна і поўна. Муж і жонка Хадановічы не цураюцца цяжкай сялянскай працы, таму «драмаць да абеду» няма часу – рагуня Чацверка патрабуе кожную раніцу пяшчотных далоняў, гудуць ад відна кабанчыкі, ірвуцца на пашу козы, просяць зярнятак кураняты. Пакуль муж шчыруе ў Нісімкавіцкім лясніцтве, на Валянціну Паўлаўну кладзецца адказнасць за ўвесь хатні тлум: падаіць, накарміць, прыбраць, выйсці на градкі. Так цэлы дзень і топчыцца на падворку. А ў хаце таксама досыць жаночага клопату, ды яшчэ хворая нерухомая матуля на яе плячах, якая 23 гады знаходзіцца пад апекай дачкі.

У Сяргея  Віктаравіча свае, мужчынскія абавязкі: сена нарыхтаваць, 50 сотак бульбачкі апрацаваць, буракі прапалоць, пасеяць і ўбраць збожжавыя. Добра, што прыкупіў матаблок – замест каня зараз выдатны памагаты. У выхадныя і ў буднія дні круціцца няспынна кола сельскагаспадарчага клопату. Але ж затое малачко, смятанка, хлеб з уласнай печы – усё сваё, свежанькае, натуральнае. А да чаго смачнае! Так вось незаўважна пралятае час, ні выспацца, ні адпачыць  уволю. Аднак не бывае без свята – то госці на парог, то песню на вуліцу. Бывае, збярэцца радня, або паклічуць сяброўкі, і затрымціць нутро, зазвініць струна настрою, разальецца шырокім морам чалавечая радасць на ўцеху сэрцу, целу і душы. Трэба ж і рукам даць адпачынак…

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика