Дарога да сэрца любімай

IMG_0026Сваю другую палавінку жыхар вёскі Пехцерава Залескага сельсавета Іван Данілавіч Вострыкаў у прамым і пераносным сэнсе слова знайшоў на дарозе.

Працуючы на машыне ў райсельгастэхніцы ён пракладваў устоўлівае дарожнае пакрыццё ад Чачэрска да Палесся, і аднойчы запрыкмеціў прывабную дзяўчыну. Нібы свечка загарэлася сэрца хлапца, палюбілася яму пекная цёмнавокая сяляначка. Што ні рэйс, то новая сустрэча з каханкай, пяшчотныя абдымкі і салодкія хвіліны маладога шчасця. Вось і першы мядовы пацалунак, сватанне і шумнае вясковае вяселле. З таго дня муж і жонка Вострыкавы заўсёды разам – і на працу, і ў агарод, і па грыбы ды ягады, а цяпер, калі ўжо стан здароўя ў абодвух маласуцяшальны, дык нават на лячэнне адпраўляюцца сумесна. Крыху падлечаць сэрца, суставы, адрэгулююць крывяны ціск і – назад да сваёй утульнай хаты. Івану Данілавічу і Зінаідзе Іванаўне за 70, а «узрост» іх шлюба складае 53 гады. Выхавалі двое дзяцей, маюць трох унукаў і двух праўкаў. За ўвесь час, што крочаць плячом да пляча, не абразілі адзін аднаго, не сварыліся і ніколі не пашкадавалі, што лёс звязаў іх у адну сям’ю. Многае ў захаванні спакою і ладу залежыць, канешне ж, ад жанчыны. У Зінаіды Іванаўны бацька загінуў на вайне, а маці, атрымаўшы абвестку аб гібелі кармільца, памерла праз тры дні, двухгадовую дзяўчынку гадавала бабуля. Магчыма, сіроцкая доля і перажытыя цяжкасці на выжыванне навучылі яе мудрасці, пакорлівасці, лаяльнасці, уважлівым адносінам да блізкага чалавека. А не маючы прыхільнасці да скандалаў і боек гаспадар ва ўсім падтрымлівае і шануе жонку.
Верныя ў сямейным саюзе, яны так жа старанна шчыравалі на карысць роднага краю і краіны. Іван Данілавіч доўгі час працаваў у ляспрамгасе, шмат гадоў з’яўляецца памочнікам старшыні мясцовага сельскага Савета. Калі былі сілы, адбудаваў добры падворак, разводзіў хатнюю жывёлу, саблюдаў каля дома выключны парадак, які, між іншым, і зараз тут пастаянна падтрымліваецца. Зінаіда Іванаўна стаяла каля дрэваапрацоўчага станка лесапільнага завода, які размяшчаўся на тэрыторыі вёскі і ў народзе гучна называўся манетным дваром – за тое, што заробак тут быў адзін з высокіх у раёне. За перадавыя паказчыкі і добрасумленныя адносіны да справы жанчына ўзнагароджана медалём «За доблесную працу», нагрудным знакам «Ударнік камуністычнай працы», граматамі, падзякамі і інш.
Цёпла, светла і радасна ў хаце Вострыкавых ад іх добрых сэрцаў, ад шчырых позіркаў і тых моцных пачуццяў, якія муж і жонка захавалі праз гады. Вопытам сямейнага ладу яны могуць падзяліцца з кожным, але адназначна сцвярджаюць: сакрэт шчаслівага шлюбу крыецца ў галоўным – уменні разумець, выбачаць і любіць.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика