У Чачэрску святкавалі дзень абароны дзяцей
У Міжнародны дзень абароны дзяцей смехам, шумам і вясёлымі мелодыямі жартоўных песень напоўнілася паветра Чачэршчыны.
Свята дзяцінства адзначалі малыя і дарослыя. Масавыя забавы для дашкалят і вучняў школ Чачэрска арганізавалі культработнікі і педагогі каля ККЦ «Акцябр». Учора а 10-й гадзіне тут адбылося адкрыццё работы школьных летніх лагераў і прайшоў фэст займальных пацешак, неверагодных сустрэч з героямі мультыплікацыйных фільмаў, казачнымі персанажамі і чараўнікамі. Пазабавілі хлопчыкаў і дзяўчынак майстар-класы па разнастайным творчым накірункам, асабліва спадабаўся рабятам роспіс «Бодзі-арт», дзе ўтварылася чарга аматараў выглядаць крэатыўна. Жадаючыя маглі набыць сувенірную прадукцыю, выбраць для летняга чытання мастацкую літаратуру, або пазнавальную кніжку з малюнкамі. А маленькія артысты дзіцячага тэатра «Флорык» парадавалі прысутных тэатралізаваным прадстаўленнем. Песні і танцы прадаўжаліся каля двух гадзін. Удзел у акцыі прынялі прадстаўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, грамадскіх аб’яднанняў БРСМ, «Чырвоны Крыж» і выратавання на вадзе, праінфармаваўшы аб правілах паводзін на вадаёмах, выканання ўмоў пажарнай бяспекі ў летні перыяд і іншае. Светлая краіна дзяцінства – гэта дом, дзе пануе шчасце і бацькоўскае цяпло, гэта салодкі моцны сон, любімая цацка пад падушкай і прыемныя хвіліны адпачынку. Няхай нішто не азмрочыць гэтых светлых безтурботных дзён!
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.








