За спачын душы малітва

IMG_7108Памятаю, у дзяцінстве на Раданіцу ўсе вяскоўцы дружненька шыбавалі на могілкі, каб успомніць памерлых, паплакаць над іх лёсам і «паразмаўляць».

Жыхары прыносілі з сабой стравы, цукеркі, абавязкова пасхальны пірог і чырвоныя велікодныя яйкі, качалі па кожнай магілцы і там іх пакідалі, каб затым душа нябожчыка ў выглядзе птушкі паласавалася пачастункам. У нашым пасяленні строга саблюдалася традыцыя накрываць магільныя насыпы абрусамі, ад чаго ўся тэрыторыя выглядала надзвычай светла і прывабна. Але адной з галоўных умоў была малітва. Набожная бабулька брала ў рукі «святую кнігу», яе абступалі іншыя жанчыны і пачыналася невялікая памінальная літургія. Працэсія веруючых тройчы абыходзіла могілкі з духоўным песнапеннем, а да гэтага часу астатнія цярпліва чакалі завяршэння дзеі, каб потым прыступіць да жалобнай трапезы. З цягам часу стары звычай выжыў сам сябе, бо старыя адыйшлі ў іншы свет, а маладыя не ведаюць ні тых правілаў, ні тых слоў, ні царкоўных канонаў.
Але ў в.Сапрыкі да гэтага часу захаваўся старажытны абрад. Бліжэй да поўдня мясцовая жыхарка Тамара Мікалаеўна Барабанава, якая вярнулася на малую радзіму з Гомеля, збірае родзічаў пахаваных пры ўваходзе на грамадзянскія могілкі і моліцца. «Лічыцца, што пасля смерці чалавека чакае суд Хрыстовы, – расказвае верніца. – Злыя дэманы не стануць даваць спакою людскім душам, будуць напамінаць пра былыя дрэнныя ўчынкі, каб затым забраць з сабой у пекла. І толькі шчырай мальбой магчыма дапамагчы грэшнікам пазбегнуць страшнага пакарання. Таму жывым неабходна часцей бываць у царкве, прасіць за нябожчыкаў у Бога літасці і ласкі».
Паслугамі Тамары Мікалаеўны вяскоўцы яшчэ карыстаюцца ў такой невясёлай справе, як памінкі, адпяванне памерлых. Жанчына да Бога прыйшла даўно. Хоць і вырасла ў сям’і камуніста, але абедзьве яе бабулі ісціна верылі ў Хрыста, а адна з іх – невідушчая Таццяна Фёдараўна – славілася тым, што спявала псаломы каля труны нябожчыка, пражыла больш за 100 гадоў і навучыла ўнучку тэксту «Ойча наш». Калі ў Тамары Мікалаеўны захварэў раптоўна муж, пераадолець немач дапамагла зноў жа малітва. А калі Богу праставілася свякроўка, некаму было «замовіць слова» за яе перад Усявышнім, і жанчына сама ўзялася чытаць псалтыр 40 дзён. Потым «біла паклоны» за спачын душы родзічаў, аднавяскоўцаў. А больш 15 гадоў назад яна са сваімі братамі, атрымаўшы блаславенне айца Васілія, устанавіла на сапрыцкіх могілках паклонны крыж. І цяпер кожны раз на праваслаўную Раданіцу ліецца над верхавінамі бяроз і над галовамі вернікаў хвалебная песня Іісусу, Дзеве Марыі і ўсім святым за праведнікаў і грэшных, за ўсіх, хто пакінуў гэты свет назаўсёды.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика