А Ў МЯНЕ СВЯТА ДАЎНО ПАЧАЛОСЯ…

Ніколі, амаль за ўсё жыццё, я так не радавалася жаночаму святу, як цяпер. І пачалося яно задоўга да 8 сакавіка. Падарункаў асаблівых я не атрымала, а ўсё ж…
Так склалася жыццё, што муж мой цяжка захварэў. Не адзін месяц ляжаў у бальніцы. І вось цяпер знаходзіцца на пенсіі. А што дома рабіць? Хоць яшчэ зусім не паправіўся, але ходзіць па хаце, тое-сёе стараецца мне дапамагчы. А самае галоўнае – калі-нікалі варыць абеды. І, скажу вам я, вельмі смачна атрымліваецца! Ды гэта прызнана ўсімі ўжо даўно: стравы, якія гатуюцца мужчынскай рукой, заўсёды смачнейшыя. Нездарма ў высакакласных рэстаранах галоўны повар – заўсёды мужчына. Вось і я пераканалася ў тым. У адзін з вечароў, адчыніўшы дзверы, у нос ударыў такі смачны пах, што я не ўстрымалася: “Што ты там гатуеш? – звярнулася да мужа. – Колькі разоў чула ад суседзяў такі ж, думала далікатэсы якія гатуюць. А тут і я пакаштую”.
— Гуляш згатаваў, ацані!
Я “ўмінала” за абедзьве шчокі і дзякавала мужу. Неяк прынесла выразку з газеты, дзе былі надрукаваны розныя рэцэпты, прапанавала яму: можа згатуеш? На другі дзень была прыемна ўражана: мяне чакаў новы салат з фасолі. Не дарагі, зусім просты ў прыгатаванні. А потым ціхенька на стол падсунула яшчэ адзін рэцэпцік: дамашнія шпроты. Якія яны атрымаюцца, не ведаю, яшчэ не гатовыя, але ж спадзяюся на ўдачу. Інгрыдыенты ўсе падрыхтавала.
Ах, які цяжар зваліўся з маіх плеч! Не трэба кожны дзень прачынаючыся, думаць: што сёння прыгатаваць. Вось ужо каторы тыдзень я жыву «у раю», свята для мяне даўно наступіла. Аднойчы зусім набралася нахабста — прыйшоўшы на абед, наелася ўдосталь прыгатаваным абедам, прысела на крэсла. Пра мужа нават забыла, што ён яшчэ не еў. Хай мяне даруе. Я ж усё жыццё за ім бегала, можа к старасці і разлічыцца са мной за ўсе жаночыя святы. Н. БАБРОВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика