Дзе красаваўся лён – беразнякі

дЙУЫФВВялікай трагедыяй для жыхароў в.Загор’е стала агульнае адсяленне ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Прыхапіўшы самае неабходнае, вяскоўцы ў спешным парадку пакінулі сваю малую радзіму і назаўсёды развіталіся з роднымі хатамі.

Інфраструктура Загор’я складалася больш чым з 70 падворкаў, магазіна, базавай школы, працаваў медпункт, лясніцтва і паштовае аддзяленне сувязі, мелася вялікая жывёлаводчая ферма, стайня, зернесклад, млын. Да цэнтральнай вуліцы прымыкалі яшчэ пяць завулкаў, якія ў народзе насілі назвы Шабунова, Зарэчча, Хутар і Тэльман. Пераважна існавалі прозвішчы Канашковых, Канцавенкаў, Самусевых і Саламахіных. Буйным квеценем тут цвілі кусты бэзу і язміну, далёка па наваколлі разносіўся пах духмянай чаромхі, пад вокнамі – бярозы ды рабінкі, у кожным палісадзе – пышныя ліхтарыкі вяргінь, якія вырошчвалі аматары-кветкаводы. Найбольш густа пладзіліся яны ў Наталлі Канцавенка і бабы Малашыхі – у верасні да іх ішлі вучні, каб нарэзаць букеты для школьнай лінейкі. Наогул моладзі тут было шмат, бо што ні хата, то 5-8 дзяцей, а то і па 13 налічвалася. Сельскі клуб збіраў на танцы дзясяткі хлапцоў і дзяўчат, добра скакалася пад грампласцінкі, пад гармонік Мікалая Егерава, а для душы – знаёмыя мелодыі на гітары.
Шчодра адорвала жыхароў журавінамі Бакава балота, вёдрамі насілі людзі чарніцы з «манькінай лашчыны», поўныя мяхі баравікоў цягалі вяскоўцы дадому з «саулавай ляды». Аматарам рыбнай лоўлі ўсміхалася ўдача на возеры Кардон, а збівалі з цела паўдзённую спёку чыстыя воды рэк Дзявіца і Бобрык. Там жа жанчыны пралі бялізну, а пакуль яна высахне пад гарачымі промнямі сонейка, знаходзілася хвіліна для адпачынку. Раніцай насельніцтва абуджаў крык пеўня, на вуліцах рыкалі каровы, якіх тут было аж чатыры статкі па 30 з лішнім галоў. Каб зарабіць на цукеркі, школьнікі дапамагалі ляснікам Мікалаю Канашкову і Івану Канцавенку збіраць хваёвыя шышкі, сушылі лекавыя травы – зверабой, сухацвет, чабрэц, здавалі для грыбаварні дары лесу. Унікальнай каштоўнасцю населенага пункта з’яўляўся курганны могільнік 10-13 стагоддзяў у бок в.Бяляеўка, які вяскоўцы называлі «кельняй».
Загорская зямля дала краіне шмат таленавітых і гераічных людзей: партызаны Пётр Курчанок і Алена Канашкова, ветэран вайны Андрэй Самусеў, вопытныя педагогі і іншыя, а ўжо ў мірны час вызначыўся гераізмам воін-інтэрнацыяналіст Аляксандр Канашкоў, які прыкрыў сабою камандзіра і загінуў на афганскай тэрыторыі. Пакінуць любыя мясціны прымусіў выбух на ЧАЭС 1986 года. Сёння там, дзе разлівалася блакітнае мора льну, вырас малады бярэзнік. Толькі не зарастае сцяжынка да могілкаў і чалавечай памяці, якую ні заплакаць, ні загаіць, ні перажыць.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика