«Свой стыль» спявае па-свойму

image3Вакальная жаночая група «Свой стыль» адзначае ў гэтым годзе дзясятую гадавіну з дня заснавання.

Ідэя стварэння калектыву належыць кіраўніку Марыі Мамекінай. У той час яна працавала хармайстрам гарадскога Дома культуры, што ўжо само сабой прадугледжвала наяўнасць такога спеўнага гурта. Колькасны склад удзельнікаў як зараз, так і тады налічваў чатыры чалавекі. І хоць з цягам часу ён змяняўся, але каларыт і чысты гук, народжаныя сілай маладога запалу і таленту, засталіся. У рэпертуары – шэраг эстрадных, народных у сучаснай апрацоўцы і іншых песень на рускай і беларускай мовах, якія выбірае для салістак Марыя Анатольеўна. Дарэчы, сама кіраўнік скончыла дзіцячую школу мастацтваў па класе скрыпкі, прадоўжыла вучобу на завочным аддзяленні ў каледжы мастацтваў імя Н.М.Сакалоўскага. Любоў да гэтага віду творчасці пераняла на генным узроўні: маці некалі спявала ў хоры, а тата музыцыруе на гітары і гармоніку. Выхаваная на высокіх нотах музычна-спеўнага вакалу, яна прадоўжыла традыцыю бацькоў і нават пайшла далей.
Нядаўна «Свой стыль» з песняй «Рэкрут» з поспехам прайшоў творчы кастынг у Гомелі для ўдзелу ў святочных мерапрыемствах, прысвечаных Дню Перамогі і Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, якія будуць праходзіць у гэтым годзе ў абласным цэнтры. Прыдзірлівае журы з ліку заслужаных дзеячаў культуры і музычных прадзюсераў адзначылі высокі ўзровень выканання і сцэнічнага майстэрства квартэта. А гэта пацвярджае той факт, што ў калектыве ёсць залатая струнка, імпэт і надзея на далейшы росквіт, хаця свае прыхільнікі ў прынадных дзяўчат маюцца даўно. Аўдыторыя годна ацаніла здольнасці Святланы Новікавай і яе ўлюблёнасць у песню. Адкрытая ўсмешка і чысты галасок Вольгі Лазарэнкі падкупляе і настройвае на добры лад. На кожную рэпетыцыю спяшаецца з працы Кацярына Мамрукова – спявачка з прывабнай знешнасцю, мастацкім азартам і багатым унутраным дараваннем. Карпатлівая праца над канцэртным нумарам, плюс артыстызм і абаяльнасць пекных чачаранак даюць станоўчы эфект і агульнае прызнанне.
Перада мной, як перад кіраўніком гурта, стаіць задача заваяваць не толькі сэрцы слухачоў, але і дабіцца прысваення калектыву звання ўзорнага, – дзеліцца планамі Марыя Мамекіна. – Неабходна таксама абнавіць касцюмы для выканання менавіта народных песень. У цэлым жа хачу падзякаваць дзяўчатам за паразуменне, спагадлівасць, за тую радасць, якую яны дораць навакольным.
«Свой стыль» спявае па-свойму арыгінальна, ярка і непаўторна. Улічваючы, што вакальная група існуе толькі дзякуючы ўласнай ініцыятыве кіраўніка і саміх артыстаў, трэба аддаць належнае іх аптымізму, упартасці і духоўнаму пад’ёму. З юбілеем!
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика