КНІГІ І ІНТЭРНЭТ У ДАПАМОГУ

У цішыні кніжных паліц раённай бібліятэкі дзве дзяўчыны павольна пераліствалі старонкі газет і часопісаў – рыхтаваліся да чарговых экзаменаў у ВНУ. Праз хвіліну дзверы бібліятэкі расчыніліся, гэта за творам любімага пісьменніка прыйшла жанчына ва ўзросце. “Як добра, што тут можна знайсці ўсё неабходнае для любога кантынгента”, — падумала я. І тут жа засаромелася сваіх думак, бо сама апошні раз брала нешта пачытаць два гады назад, а мая абанементная картка ўжо “засумавала”. Затое ўсё часцей я пачала звяртацца да “разумнага” камп”ютара. Між іншым, хоць перакачваць інфармацыю адтуль значна лягчэй, асабліва для напісання рэфератаў і курсавых работ, нішто не заменіць папяровых насіцеляў.
“Гэта так, але ж моладзь усё больш аддае перавагу камп”ютарнай тэхніцы, — трохі з жалем адзначае дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы М.В.Багданава. – Да нас прыходзяць карыстальнікі рознага ўзросту. Адны выбіраюць метадычную літаратуру, другія – мастацкую, моладзь карыстаецца камп”ютэрам. Тым не менш, у сярэднім кожны чытач, а іх у раёне 8 700, у горадзе — больш за 2 тысячы, наведвае бібліятэку 22 разы ў год. Некаторыя нават па два разы на дзень завітаюць да нас”.
…Чамусьці ўспомніўся адзін мой знаёмы, які нават газет не выпісвае. “А навошта яны? – пытаецца. – Усё, што трэба, я знайду ў інтэрнэце. Ды яшчэ хутчэй, чым напішуць журналісты”. І тут жа мне прыпомнілася, як мой камп”ютар у мінулым годзе “з”еў” увесь запас фотаздымкаў сямейнага архіву. Затое старыя, пажоўклыя фотакарткі 70-х і 80-х гадоў да гэтага часу разглядваю ў любы час, бо ім не страшны ніякі вірус. А калі мне спатрэбіцца, дастаю з шафы кіпу падшывак часопісаў “Гаспадыня”, “Хатні доктар”, “Дэтэктывы” і з задавальненнем перачытваю, знаходзячы для сябе нешта патрэбнае. Інтэрнэт іншы раз называюць “сметнікам”. Сапраўды, чаго там толькі няма! Кожнаму па інтарэсах – любая інфармацыя, нават порнасайт ніхто не забароніць “штудыраваць”. Аператыўна, лёгка, даступна. І ўсё ж раз у месяц перабіраю кнігі з фондаў хатняй бібліятэкі і зайздрошчу сама сабе – які скарб маю! Не згодны са мной?
Яніна ДАНОВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика