Зберагае спадчыну «берагіня»

Козенка+«Берагiня» – гэта высокi ўзлет нацыянальнага духу i, магчыма, пачатак новай эпохi ў беларускай педагагiчнай культуры.
Аляксей РАГУЛЯ.
Этнахарэограф, даследчык, рыжысёр і сцэнарыст Мікалай Козенка сёння адзін з лідараў у захаванні і папулярызацыі народнай танцавальнай культуры Беларусі. Мікалай Аляксеевіч з’яўляецца арганізатарам шматлікіх фальклорных свят і фестываляў раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў – «Беларуская полька», «Мяцеліца», «Берагіня» і іншае. Апошнія гады працуе з калектывам мётчанскага дзіцячага садка-сярэдняй школы«Берагіня», які вывучае аўтэнтычную культуру беларусаў, зберагае і распаўсюджвае мастацкія традыцыі краю. Сваю гісторыю гурт распачаў з верасня 1996 года, у 2001-м яму нададзена найменне «ўзорны», а яшчэ праз год – званне «заслужны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Аснову рэпертуару складаюць фальклорныя ўзоры спеўнай, музычнай, танцавальнай мясцовай традыцыі. «Берагіня» – удзельнік і пераможца шматлікіх фестываляў і конкурсаў, уладальнік грамат і лаўрэат дыпломаў I і II ступеняў, дыпломаў Гран-пры. У 2008 годзе ўзнагароджаны Ганаровай граматай ЮНЕСКА «За значны ўклад у захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі». Адным з самых значных здабыткаў дзейнасці з’яўляецца таксама арганізацыя і правядзенне Мётчанскіх чытанняў. Такую назву носіць заснаваная ў 1997 годзе навукова-практычная канферэнцыя, на якой абмяркоўваюцца пытанні, звязаныя з праблемамі даследавання гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёну і яе засваення маладым пакаленнем. Важным мерапрыемствам сёлетняга навучальнага года стаў Першы школьны конкурс апавядальнікаў народнай прозы «Несцерка», дзе ўдзельнічалі вучні трох узроставых груп, для якіх абавязковым конкурсным творам была казка.
У мінулым годзе заслужаны калектыў адзначыў сваё 20-годдзе. Падчас юбілею «Берагіня» актыўна выступала ў школах, гімназіях, каледжах Барысаўскага раёна, удзельнічала ў ІІ конкурсе беларускага народнага танца «Ветразь» (г. Мінск); рэспубліканскім свяце беларускага пісьменства (г.Рагачоў) і інш. Віншаванні артыстам даслалі міністр культуры РБ Барыс Святлоў, пасол Беларусі ў Французскай Рэспубліцы і пастаянны прадстаўнік краіны пры ЮНЕСКА Павел Латушка, Беларускі Фонд культуры, калегі з Расіі, Украіны і інш. Да юбілейнай даты Мікалай Козенка за ўласныя сродкі выдаў у навукова-папулярным фармаце кніжку «Асоба ў народнай культуры і педагогіцы» на 400 старонак і фотаальбом «Мядоцкая «Берагіня» ў прасторы і часе» (110 стар.). У першы зборнік увайшлі выбраныя даклады і паведамленні ўдзельнікаў «Мядоцкіх чытанняў» (1997–2012 гг.), вядомых беларускіх вучоных і практыкаў, работнікаў адукацыі і культуры. Шырока прадстаўлены вопыт фальклорных, краязнаўчых, радаводных даследаванняў настаўнікаў і вучняў мётчанскай школы. Адрасуецца спецыялістам у галіне адукацыі, культуры, этналогіі, фалькларыстыкі, этнаграфіі, гісторыі мастацтваў; аспірантам, магістрантам, студэнтам ВНУ, а таксама тым, каго цікавіць народная культура Бацькаўшчыны. Кніга-альбом жа прысвечана творчасці непасрэдна «Берагіні»: метадалогія, прынцыпы, метады, змест творчай дзейнасці ў вясковым асяроддзі, змешчаны багаты ілюстрацыйны фотаматэрыял.
На ліку Мікалая Аляксеевіча шмат выданняў, што маюць навуковую каштоўнасць. «Хачу выдаць кнігу «Матэрыялы VІІ Мядоцкіх чытанняў «Традыцыйная культура і дзеці. Мядоцкая «Берагіня» ў нацыянальным кантэксце». Мяркую, што гэта атрымаецца, бо вельмі хочацца – насуперак!!!» – шчыра прызнаецца пастаноўшчык-фалькларыст. І ў яго абавязкова атрымаецца, бо ён чалавек, бездакорна адданы працы на карысць краіны, сваёй любай Бацькаўшчыны і захаванню яе духоўнай спадчыны.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика