РАЗВІТАЛІСЯ З ЗІМОЙ…

Нядзельным ранкам 1 сакавіка на цэнтральнай плошчы горада чачаране адзначалі Масленіцу. Апетытна пахла прэжаным салам і шашлыкамі, на вогнішчы варылася рыбная юшка, выпякаліся тлустыя блінцы. Да святочнага стала запрашаліся ўсе прахожыя пачаставацца традыцыйнымі беларускімі стравамі – блінамі са смажанінай і гурком.
Каля масленічнага слупа сабраліся бравыя хлопцы паспрабаваць маладзецкую сілу, самым дужым і спрытным удавалася ўскарабкацца да вызначанай вышыні і атрымаць заслужаны прыз. Раптоўны азарт так падгарачыў удзельнікаў конкурсу, што многія нават распрануліся і кінуліся ў абдымкі са слупом у адной майцы, скінуўшы паліто і бушлаты. А разявакі, што назіралі за працэсам, падтруньвалі над імі і апладыравалі пераможцам.
На плошчы гучала музыка, для дзяцей былі арганізаваны рухавыя гульні, на цэнтральным вогнішчы спалілі пудзіла Зімы і песнямі зазывалі “Вясненьку-красненьку”. Асаблівы каларыт надавалі падлеткі на высокіх хадулях, свой спрыт дэманстравалі хлопцы і дзяўчаты на бервяне, што гойдалася на ланцугах. Прайсці па яму і не ўпасці – справа для фізічна развітых і спрытных. Казачныя героі свята Масленіцы заклікалі ўсіх на скокі і гульні. Многія людзі прасілі адзін у аднаго прабачэння, бо ў гэты дзень па царкоўнаму календару выпала таксама Даравальная нядзеля. Весела, з агеньчыкам прайшло гулянне, пакінуўшы ў сэрцы кожнага лепшыя пачуцці, добры настрой і спадзяванне, што хутка-хутка “загамоняць” веснавыя ручаі, і зямлю “пацалуе” ласкавае сонейка.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика