Да 90-годдзя Чачэрскага раёна

Тыдзень назад свой чарговы юбілей наш раён адсвяткаваў грандыёзным канцэртам. І хоць на гэта свята не былі запрошаны высокааплочваемыя зоркі, але ўласныя артысты прыклалі ўсе намаганні, каб сімвалічны Дзень нараджэння застаўся ў памяці жыхароў і гасцей Чачэршчыны надоўга. Забягаючы наперад, адзначым, што не абышлося тут і без сяброў-суседзяў…

Журналісты прыйшлі на мерапрыемства раней назначанага, каб не прапусціць ніводнай цікавай дзеі. І недарэмна: у фае раённага Дома культуры давялося назіраць, як спяваюць самадзейныя артысты, як рыхтуецца да гандлю прадавец ля ўвахода, як падводзяць апошнія штрыхі насычанай выставы супрацоўнікі музею, бібліятэкі, РДК і аддзела адукацыі, як паступова напаўняецца гледачамі зала. Прадчуванне свята ў гэты раз было асабліва яскравым, бо датычалася яно кожнага з нас. І вось нарэшце пачалося. Урачысты канцэрт адкрыла харэаграфічная кампазіцыя. Атрымаўся свайго роду музычна-танцавальны летапіс чачэрскага краю ад моманту яго зараджэння да сучаснасці. «Запаволіць жыццё старажытнага раёна не змаглі ні войны, ні наступствы катастрофы на ЧАЭС. Сёння раён жыве, працуе, упрыгожваецца», – гучала запаветам ідэя кампазіцыі. І падмацаваў яе гімн Чачэрскага раёна. Старшыня райвыканкама Уладзімір Краўчанка ўрачыста адкрыў свята і расказаў пра асноўныя дасягненні нашай малой радзімы. Але на гэтым прыемная місія Уладзіміра Мікалаевіча не скончылася. Ён асабіста павіншаваў са святам тых, хто сваёй працай, дасягненнямі, стараннямі і талентам здабывае добрае імя Чачэршчыне. Так, самыя адданыя роднаму краю атрымалі Ганаровыя граматы, Падзякі і Падзячныя лісты райвыканкама. Ганаровыя граматы ад імя райсавета дэпутатаў уручыў яго старшыня Сяргей Малюкоў. Не абышлося і без прафсаюзных лідараў. Старшыня райаб’яднання прафсаюзаў Ганна Туравец узнагароджвала Граматамі. Падзяку ад райкама прафсаюза работнікаў АПК прыпаднесла яго старшыня Анжаліка Краўчанка. Усяго больш за 20 чалавек з годнасцю падымаліся на сцэну за заслужанымі ўзнагародамі, але самая, напэўна, каштоўная належала Наталлі Старасценка. Яна жыве ў аграгарадку Отар і гадуе пецярых дзяцей. У Дзень нараджэння раёна жанчына атрымала ордэн Маці. Хоць на твары Наталлі Іванаўны свяцілася непадробная яскравая ўсмешка, але на вачах зіхацелі ледзь заўважныя срэбныя кропелькі. Гэта слёзы гонару і шчасця выдавалі чуллівае матуліна сэрца.

А ў падарунак кожнаму стараннаму  жыхару раёна гучалі громкія апладысменты і музычныя кампазіцыі. У першай частцы канцэрта ўдзельнічалі пераважна артысты раённага Дома культуры, выканаўцы ўзорнай вакальнай эстраднай студыі РЦТДіМ «Дзеці сонца». Сваю лепту ўнесла моладзь раёна, якая бездакорна праілюстравала асноўныя этапы жыцця Чачэршчыны ў харэаграфічнай кампазіцыі. Асобную асалоду выклікала  выступленне самадзейных артыстаў, а таксама ўдзельнікаў народных калектываў з Меркулавіч, Нісімкавіч і Гацкога, з Бабіч і з Палесся. Папуры ў іх выкананні настолькі арганічна падкрэсліла аўтэнтычнасць нашай шчодрай зямлі, што больш дакладна нават казкамі не скажаш.

Але на гэтым сюрпрызы свята не скончыліся. Прыехалі нас павіншаваць сябры з гарадскога пасёлка Карма. У выступленні народнага калектыву «Спадчына» былі вясёлыя песні ды танцы, гумарыстычныя нумары ды лірычныя кампазіцыі. Разнастайны рэпертуар прымусіў чачэрскага гледача з новымі сіламі апладыраваць і дзякаваць за прыліў эмоцый і бадзёрасці…

Якім бы доўгім ні быў канцэрт, рана ці позна ён скончыцца. Так адбылося і ў мінулую пятніцу. Усе артысты выйшлі на фінальны паклон, гледачы падняліся са сваіх месцаў, апладысменты доўга не змаўкалі, ашчэ даўжэй свяціліся твары ўсмешкамі. І няхай некаторыя прысутныя ў зале скардзіліся на тое, што цяжка было доўга сядзець на адным месцы, але ў адказ ім хочацца прапанаваць выйсці на сцэну. Тады, напэўна, стома не прыйдзе. А арганізатары і ўдзельнікі канцэрта – сапраўдныя малайцы. Гэта было наша агульнае свята, але нехта ім насалоджваўся, а нехта над ім завіхаўся. «З юбілеем, Чачэрскі раён», некалькі раз паўтаралі вядучыя. У такт ім паўтараем і мы, журналісты.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика