«Кліч Палесся» – сэрца кліч
Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» адбудзецца 24 верасня ў Ляскавічах Петрыкаўскага раёна. Гэта край багаты самабытнымі абрадамі, рамёствамі, цікавымі святамі. «Кліч Палесся» ўжо набыў статус культурнага брэнда. А вышэйназваны аграгарадок – сапраўдная сталіца неўміручай палесскай спадчыны. Сёлетняе свята зноў збярэ шмат сяброў: творчых, таленавітых, ініцыятыўных. Будзе шмат песен і танцаў, сваё ўменне прадэманструюць шматлікія народныя майстры, адбудзецца мноства конкурсаў. А якія прыгожа пададзенныя і смачныя стравы можна будзе паспытаць: як кажуць, вачэй не адвесці і за вушы не адцягнуць. І самае галоўнае – гэта наша яднанне, шчырае жаданне ўпрыгожваць свет радаснымі ўсмешкамі, моцным сяброўствам, прыгожымі рукатворнымі вырабамі і звонкімі песнямі, шырокім іскрамётным святам!
