ВЯЛІКАЕ ВІДАЦЬ НА АДЛЕГЛАСЦІ

Штомесячныя пасяджэнні камісіі па збору матэрыялаў для кнігі “Памяць. Чачэрскі раён” том 2 прыносяць свае вынікі. Аднак, як паказваюць назіранні, найбольш актыўнымі з’яўляюцца непасрэдна члены камісіі, ад якіх часцей за ўсё і трапляюць матэрыялы ў спецыяльна падрыхтаваныя ў музеі папкі. Значная частка іх – звесткі пра былых перадавікоў вытворчасці, якія атрымлівалі ў свой час разнастайныя ўзнагароды за плённую працу, доўгажыхароў, удзельнікаў вайны, успаміны былых кіраўнікоў арганізацый, устаноў, аддзелаў. Гісторыя сучаснага Чачэрска павінна займаць пачэснае месца ў памяці будучых пакаленняў. Гэта — справа маладых. Пра іх сённяшнюю дзейнасць і жыццё расказваюць начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама, члены РК ГА “БРСМ”.
Першы том кнігі не змог аб’яднаць усе значныя падзеі, звесткі пра цікавых, заслужаных асоб раёна. Адной з мэт наступнага выдання стане выпраўленне недахопаў папярэдняга. Былы жыхар г. Чачэрска І.М. Перавознікаў усклаў на сябе ганаровую місію выправіць найбольш актуальныя памылкі першай часткі кнігі “Памяць”, дасылае лісты на адрас музея, у якіх абгрунтоўвае заўважаныя ім недахопы. Работа Івана Максімавіча пры падрыхтоўцы новага выдання не застанецца па-за ўвагай. А вось актыўнасці з боку асобных чачаран не хапае. Члены камісіі па збору інфармацыі для кнігі заклікаюць усіх грамадзян не заставацца абыякавымі да агульнай працы і прадстаўляць цікавыя і карысныя звесткі. “Хочацца, каб “Памяць” атрымалася сапраўды каштоўнай, жывой, нешта ў яе трапіла ад самой душы чалавека і захавалася на вякі. Той рарытэт, які ляжыць дома, хоць і ў самым пачэсным месцы, бачны толькі вузкаму колу людзей, а трапіць на старонкі вялізнага выдання – азначае быць вядомым многім пакаленням. Вялікае бачыцца на адлегласці, дык хай жа яго разгледзяць тысячы нашых землякоў, сучаснікаў і нашчадкаў”, – адзначае дырэктар Чачэрскага гісторыка-этнаграфічнага музея А.Новікава.
Е. САВІЦКАЯ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика