РЭДКІЯ АГЕНЬЧЫКІ І НАВАКОЛЬНАЯ ЦІШЫНЯ

На тым месцы, дзе зараз стаяць пасёлкі Пехцерава і Томіна, некалі былі балоты. А за імі размяшчаліся панскія ляды шляхцічаў Пехцера і Томіна. Паступова землі асвойваліся, узніклі населеныя пункты, а ў назвах іх захавалася памяць пра былых гаспадароў мясцовых зямель. У савецкія часы большасць жыхароў абодвух пасёлкаў працавалі ў цаху па перапрацоўцы дрэва, прадпрыемства мясцовай прамысловасці. Аб гэтым добра памятаюць жыхары Томіна. Зараз жа гэты пасёлак перажывае не лепшы перыяд у сваёй гісторыі. Аднак дзе-нідзе ў хатах яшчэ цепліцца агеньчык – сведка жыцця. Цяпер у Томіна гаспадараць бабулі і дзядулі, усяго трынаццаць жыхароў. А да катастрофы на Чарнобыльскай станцыі больш за сотню налічвалася. У кожнай хаце было сваё асноўнае багацце – дзеці, бывала, і па шасцёра выхоўвалі. Іх смехам і галасамі поўніўлася наваколле. Цяпер толькі падчас значных сялянскіх работ ды адпачынку наведваюцца сюды нашчадкі. Пустуюць завулкі, заміраюць хаты, на вуліцы амаль немагчыма выпадкова некага сустрэць. У кожнага свой клопат – пра здароўе. У барацьбе з адзінотай дапамагаюць хіба толькі тэлевізар ды думкі пра былыя часы. Гаспадарка невялікая – у асноўным куры. Жыхары Томіна не памятаюць у сваім населеным пункце ні школы, ні ўстановы культуры. Гэта прыходзілася шукаць у суседніх вёсках, найперш у Каменцы. Там мясцовыя дзеці вучыліся, наведваліся ў клуб і бібліятэку. Нават магазін і той адзін на два населеныя пункты быў – у Пехцерава. Тады хадзілі за прадуктамі да суседзяў, а зараз тавары штодзённага попыту дастаўляе сялянам аўталаўка. Ля яе ўсёй вёскай і сустракаюцца, кожны набывае неабходнае і зноў — па хатах. Так і жывуць. Скардзяцца, што рэдка прыязджаюць медыкі, а здароўе патрабуе кантролю. Каб “хуткую дапамогу” выклікаць, некаторым трэба бегчы праз увесь пасёлак – са сродкамі сувязі пашанцавала толькі тром гаспадарам.
…Разводзяць бабулькі рукамі. Некаторыя мараць атрымаць невялікую кватэру ў горадзе. А нехта яшчэ за сваім жыллём здатны глядзець так, што пазайздросціць кожны малады. Дом мужа і жонкі Падабедавых не першы год лічыцца домам высокай санітарнай культуры. Гэтай прыгажосці застаецца толькі дзівіцца.
А што падрыхтаваў пасёлку лёс — пакажа час. Аднойчы на месцы балота зарадзілася жыццё. Зараз тут натхнёна шуміць лес, размерана плывуць гады. А цішыня і спакой, на што багата Томіна, такія неабходныя ў сучасным свеце, дзе скрозь пануе спешка і мітусня.
Наталля СУВАЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика