Старэйшая падпішчыца “Чачэрскага весніка”
Адзначыць 90-годдзе – толькі паўсвята. Момант сапраўды ўрачысты, калі побач дарагія родныя людзі. Іх цеплыня сагравае сэрца і падаўжае дні.
Сёлетняя юбілярша Вольга Іосіфаўна Сівакова з Нісімкавіч жыве пад адным дахам з дачкой. Надзея пасля замужжа змяніла прозвішча, але не страціла кроўнай сувязі з любай матуляй, заўсёды турбуецца пра яе здороўе, бадзёры настрой.
Малая радзіма жанчын – Рагачоўскі раён. Там Вольга Іосіфаўна працавала на фабрыцы па перапрацоўцы авечай воўны, выгадавала траіх дзяцей. Дачакалася пенсіянерка 11 унукаў, пецярых праўнукаў, дваіх прапраўнукаў. Чачэршчына стала для яе надзейным ціхім прычалам, калі пакінулі сілы. Вёска шчыра прывеціла, палюбілася таксама раённая газета «Чачэрскі веснік», кожны нумар бабуля прачытвае першай, цікавіцца матэрыяламі на розныя тэмы. Атрымліваецца, Вольга Іосіфаўна – адна з старэйшых нашых падпісчыкаў. Жадаем ёй моцнага здороўя, Божай ласкі, дабрыні, доўгіх гадоў жыцця.
Лідзія ХАРАШЫЛАВА.