Да юбілею Чачэрскага раёна

Курганские.Маладая беларуская краіна толькі-толькі станавілася на ногі, мацнела і будавалася, як раптоўна размераны мірны лад жыцця парушыла вайна.
Аднак ніхто не збіраўся схіляць галавы і станавіцца на калені перад жорсткім ворагам. З першых жа дзён пачалася актыўная работа па вызваленню роднага краю ад агрэсара. У Чачэрску былі створаны атрад народнага апалчэння і знішчальны батальён, людзі кінуліся на будаўніцтва абарончых умацаванняў і бамбасховішчаў. Кажуць, адно з іх знаходзілася на вуглу цяперашняга шматпавярховага дома па в.Савецкай, 22. Хуткімі тэмпамі вялася эвакуацыя прадпрыемстваў раёна, прадукцыі сельскай гаспадаркі, жывёлы. Сілы Чырвонай Арміі імкнуліся стрымаць націск гітлераўцаў, аднак фронт набліжаўся. І вось ноччу 13 жніўня 1941 года 43 фугасныя бомбы са свістам упалі на Чачэрск, асколкі першай з іх да гэтага часу іржавеюць недзе ў сцяне дома на скрыжаванні вуліц Савецкай і Інтэрнацыянальнай. А назаўтра ранішняе паветра разрэзаў рокат нямецкіх матацыклаў. Пачаўся двухгадовы акупацыйны перыяд. Акцыі па ўціхамірванні насельніцтва здзяйсняла 1-я рота 582-га дывізіёна палявой жандармерыі. Захопнікі не лічыліся ні з узростам людзей, ні з іх сацыяльным статусам. Пад дула аўтаматаў станавілі малых і дарослых, простых вяскоўцаў і інтэлігенцыю, а яўрэяў забівалі без асаблівага шкадавання – іншых прывязвалі зімой да конскай падводы і цягнулі праз увесь горад да Лысай гары. Сям’ю старшыні калгаса «Перадавік» Антона Фаміча Камісарава з вёскі Новазахарполле – жонку Ганну і васьмярых дзяцей па даносу суседкі расстралялі там жа, каля супрацьтанкавага рову.
Аднак жорсткасць і здзекі толькі мацней распалялі народны гнеў і нянавісць. У тыле ворага вялі падпольную барацьбу пяць партыйных і 42 камсамольскіх групы – спачатку 19 камуністаў і больш за 300 патрыётаў. Сярод іх былы дырэктар Нісімкавіцкай школы Сцяпан Якаўлевіч Хількевіч, якога гітлераўцы доўга катавалі за сувязь з партызанамі, а затым павесілі на цэнтральнай плошчы горада. У сакавіку 1943 года ў раёне стварылася 1-я Гомельская партызанская брыгада, камандаваў якой чачаранін Пётр Балыкоў. Лістоўкі-звароты і інфармацыю аб вызваленчым руху на Чачэршчыне рыхтавала мясцовая газета «Смерць акупантам», рэдактарам якой з’яўляўся Яўген Лукіч Дуброўскі. За час барацьбы на захопленай тэрыторыі вызначыліся баявымі подзвігамі многія жыхары, асобныя так і засталіся на вайне. Чачэрская зямля дала краіне шэсць Герояў Савецкага Саюза: Мікалай Байкоў, Ціт Новікаў, браты Аляксандр і Пётр Лізюковы, Мікіта Круглікаў. Сучаснікі памятаюць прозвішчы сваіх гераічных патрыётаў – юнага партызана Грышу Падабедава, падрыўніка Віталія Букатага, балгарскую ваенную карэспандэнтку Лілію Кара-Стаянаву, арганізатара антыфашысцкага падполля Івана Кавалёва і інш. Пакрысе, крок за крокам мужны беларускі народ адваёўваў мірнае неба і сваю незалежнасць. У Чачэрск вызваленне прыйшло 27 лістапада. Але гэтага светлага дня не дачакаліся 1226 жыхароў раёна, больш тысячы знайшлі апошні прытулак на нямеччыне. А колькі загінула ад холаду і голаду! Агнём часткова і поўнасцю знішчана 25 населеных пунктаў.
…Каму пашчасціла вярнуцца дадому, пачалі чарговую вайну – з нястачай, беднасцю, хваробамі. Узначальваў работу па адраджэнні разбуранага краю старшыня райкома Павел Дзедзік. Штогод з 1944-га на вучобу накіроўвалася ў ФЗН і рамесніцкія ўстановы 150-200 чачэрскіх юнакоў і дзяўчат, аднаўляліся вёскі і горад. Вялікая ўвага надзялялася сельскай гаспадарцы, да жыцця вярнуліся 66 калгасаў і саўгасаў. Асабліва цяжка давялося ўздымаць «Звязду», якая ў ліку 24-х найбольш пацярпелых вяртала страчанае. Тым не менш вясной 45-га пасяўныя плошчы Чачэршчыны склалі 20 172 га пад зерневыя і бульбу. Пашыралася пагалоўе буйной рагатай жывёлы, цяглавай сілы, свіней. Закупалася тэхніка, рамантаваліся дарогі, узводзіліся сельскагаспадарчыя пабудовы, МТС, аб’екты сацкультбыту. Аднак нават на пачатку 1950-х гадоў заставалася нізкай прадуктыўнасць у галіне жывёлагадоўлі і ўраджайнасць палёў. Трактары не паспявалі сеяць збожжа, лён, лубін, выпрацоўваючы за светлавы дзень усяго па тры гектары зямлі. І ўсё ж пакрысе, дробнымі крокамі мы рухаліся наперад.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика