Так будавалася яркае сёння Чачэршчыны

1926Пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі Чачэршчына ўваходзіла ў склад Расійскай СФСР, а калі маладая Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка 30 снежня 1922 года аб’ядналася з іншымі краінамі, у ходзе чаго ўтварыўся падмурак вялікага і магутнага СССР, пачаўся новы віток жыцця рэгіёна.
Адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкай Чачэршчына стала 8 снежня 1926 года. На той час у раёне існавала ўсяго пяць калектыўных гаспадарак, на якія прыходзілася ў сярэднім па 11 двароў, 100-120 дзесяцін ворнай зямлі, да 12 галоў буйной рагатай жывёлы. Да 1928 года мелася 22 сельскія Саветы, 278 населеных пунктаў з колькасцю пражываючых 43 756 чалавек. Найбольш буйнымі з’яўляліся Валосавічы – 213 двароў і 1261 жыхар, Бяляеўка – 164 і 933, Матнявічы – 177 і 953, Залессе – 193 і 1003, Балсуны – 203 двары і 1194 жыхары. Раён адносіўся да аграрна-перанаселеных рэгіёнаў Гомельскай акругі, таму мясцовыя ўлады імкнуліся перасяліць сялян на новыя землі: Крым, Сібір, Самарскую і Саратаўскую вобласці. Такім чынам на працягу 1926-1927 гадоў ад нас выехала каля 300 сямей, што паўплывала на адток умелых гаспадароў і граматных спецыялістаў.
Перыяд масавай калектывізацыі не абышоў мясцовае насельніцтва. Кіраўніцтва вяло настойлівую барацьбу ў гэтым накірунку. У студзені 1930 года на Першым з’ездзе дэлегатаў ад калгасаў і ініцыятыўных груп разглядалася пытанне «Аб калгасным будаўніцтве» з заклікам выявіць кулацка-варожыя элементы, якіх потым рэпрэсіравалі. Нярэдка надзвычайныя меры прымяняліся і да серадняка. У выніку з раёна толькі ў сакавіку выселілі 32 сям’і, а рэквізаваныя збожжа, бульба і лён адпраўляліся ў Чачэрск так званымі «чырвонымі абозамі». Такія жорсткія меры выклікалі абурэнне людзей, і таму сяляне, перш чым уступіць у калгас, забівалі хатнюю жывёлу і птушку. Аднак працэс было ўжо не спыніць. За той год на Чачэршчыне выраслі шэсць свінарнікаў, тры кароўнікі на 100 галоў кожны, пачалі будавацца малочна-таварныя фермы, у 1936-м створаны лясгас. І тым не менш галоўным пастаўшчыком таварнай сельгаспрадукцыі заставаўся індывідуальны сектар, а падаткаплацельшчыкам – кулацкія гаспадаркі.
Час ішоў, раён набіраў тэмпы і мацнеў. Перад вайной сярод асноўных прамысловых прадпрыемстваў лічылася кірпічная арцель «Прагрэс», швейная арцель і лесапільны завод, існавала 62 школы, 30 клубных устаноў і 24 бібліятэкі, працавала пяць бальніц і 19 ФАПаў. У 1937 годзе з канвеера чачэрскага вінзавода, пры якім дзейнічалі каўбасны цэх і па выпечцы хлебапрадуктаў, сышлі першыя бутэлькі спіртных вырабаў. На тэрыторыі 18 сельскіх Саветаў мелася ўжо 66 калгасаў. Толькі ў Меркулавіцкім налічвалася 13, у Чачэрскім – сем, Нісімкавіцкім – пяць. Старанні аграрыяў адзначаліся высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за выдатныя поспехі па перавыкананню планаў па вытворчасці лёну і ў галіне жывёлагадоўлі ўнагароджаны ордэнамі Леніна звеннявая калгаса «Камінтэрн» Анастасія Рыгораўна Цітова, «Знак Пашаны» – трактарысты МТС Кірыл Іванавіч Цітоў і Ісак Пятровіч Малішэўскі. Медаля «За трудовое отличие» удастоена даярка калгаса «Новая праца» Наталля Міхайлаўна Болсун і трактарыст МТС Іван Андрэевіч Гулевіч. Потым было яшчэ мноства ардэнаносцаў, прозвішчы якіх не пералічыць на адной газетнай старонцы. Але плён іх працавітых рук адлюстроўваецца ў поспехах дня сённяшняга, даў замес шчасліваму і заможнаму жыццю чачаран.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.
Працяг будзе.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика