Таленты чачэрскага Палесся

IMG_4188У дзейнасці палескага цэнтральнага сельскага Дома культуры і народных традыцый пераважае захаванне мясцовай спадчыны. Гэта відаць з парога. На сценах – рушнікі з рознымі відамі вышыўкі, ёсць куток з рэчамі хатняга ўжытку, якімі карысталіся сяляне ў мінулым стагоддзі, а магчыма, і раней.
Цікавая выстава з інфармацыйнымі матэрыяламі пра гісторыю краю падрыхтавана сумесна з бібліятэкарам Лідзіяй Драздовай. Тут тлумачыцца паходжанне назваў вёсак, а побач можна пазнаёміцца з дасягненнямі знакамітых землякоў, Ганаровых грамадзян. У іх ліку Міхась Болсун, Леанід Сасноўскі, Мікалай Куцакоў, Мікалай Беркаў, Васіль Карпечанка і іншыя. Гаспадарыць тут дырэктар Надзея Патапава. Яна займаецца творчай работай, далучэннем да мастацтва дзяцей, а яшчэ шые касцюмы, арганізуе мясцовыя святы і выязныя выступленні.
У краіне абвешчаны Год культуры. Для аматараў самадзейнасці плённа праходзіць кожны дзень. Пятніца таксама не выключэнне. На мінулым тыдні мы завіталі да паляшчан з нагоды традыцыйнага Дня адкрытага пісьма.
Жаночы народны вакальны ансамбль «Палесачка» адзначае 25-гадовы юбілей. Дакладней, чвэрць стагоддзя таму калектыву было прысвоена званне, а яго творчы шлях значна даўжэйшы. Першыя матывы выводзілі Ала Гуд і Ніна Патапава, вакол іх збіраліся галасістыя кабеты і з цягам часу ўдасканальвалася выканаўчае майстэрства, пашыраўся рэпертуар. Зараз мастацкім кіраўніком з’яўляецца Віктар Катляроў, у складзе дзесяць удзельніц: далучыліся дзве Надзеі Болсун, Марыя Драздова, Ганна Маслава, Валянціна Валянкова, Надзея Патапава, Надзея Анонічава. Яны спяваюць больш за сто беларускіх, рускіх і ўкраінскіх песень. У кожнай – глыбокі сэнс. Вось ансамбль сумуе пра жаночую долю ці неўзаемнае каханне, раптам прызнаецца, які дарагі сэрцу родны край, потым захапляецца прыгажосцю прыроды… Напэўна, няма такой тэмы, якую б не падхапілі «Палесачкі». Вядома, выконваць такую музыку трэба ў адпаведных уборах. Белыя з блакітнай вышыўкай касцюмы – візітоўка калектыву.
Яго трохгалоссе даўно абляцела Чачэршчыну і гасцінна сустракаюць у гарадах і вёсках Беларусі і Расіі. У паездках здаралася ўсякае. Бывала, аўтобус не здолеў рухацца па разбітай дарозе – да месца дабіраліся на трактары, даводзілася выходзіць на сцэну, калі ў адной з залаў Расіі стаяў нясцерпны холад … Такія «прыгоды» не адбілі жадання спяваць і несці да слухачоў багацце народных песень.
Дарэчы, некаторых удзельніц звязвае не толькі творчасць, але і сваяцкія сувязі. Не адзін раз атрымлівалася так, што па прыкладу маці Дом культуры пачынала наведваць дачка, потым – унукі.
Варта адзначыць, што для дзяцей дзейнічаюць аб’яднанні па інтарэсах розных накірункаў. «Сузор’е» – для аматараў вакала, танцавальны – «Матылёк», жыццёвым хітрасцям навучыць «Гаспадынька», тэатралаў запрашае «Вясёлка». Для пастаноўкі абрадаў і інсцэніровак Надзея Патапава вырашыла пашыць і апрануць дзяўчат у спадніцы з дзіцяткай, якія перадаюць мясцовы каларыт. Актыўна ўдзельнічаюць у культурным жыцці Даніла Горла, Лізавета Лашкіна, Настасся Міхаленка, Вадзім Дудкін, Ілля Пісарэнка, Юрый Картавы, Іна Болсун і іншыя. На занятках гурткоўцы пераймаюць лепшыя традыцыі старэйшага пакалення, цікава бавяць вольны час, раскрываюць свае здольнасці. У час мерапрыемстваў юным палешукам не аднойчы апладыравалі гледачы. А колькі яшчэ поспехаў наперадзе!
Лідзія ХАРАШЫЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика