Зорка таленту чачэрскай паэтэссы

IMG_6690Творчы вечар мясцовай паэтэсы Марыны Івановай прайшоў у памяшканні цэнтральнай раённай бібліятэкі як раз напярэдадні Сусветнага дня паэзіі.
З творчасцю гэтай цудоўнай жанчыны з вёскі Бяляеўка жыхары раёна пазнаёміліся яшчэ ў 1997 годзе. Тады першыя рыфмаваныя радкі Марыны былі прачытаны невялікай аўдыторыі слухачоў. Захапіўшыся аматарствам складання вершаваных слупкоў, жанчына з тонкім пачуццём і шырокім светасузіраннем ужо не змагла адрачыся ад свайго захаплення. Методыку напісання вершаў паэтка параўноўвае з ігрой на скрыпцы – так трапятліва і ўмела трэба перадаць настрой, думкі, мары і стан душы, каб было зразумела і даступна ўсім, каб твор крануў да самага сэрца і не пакінуў абыякавым. Рознажанравасць і глыбіня мыслення выдзяляюць яе сярод іншых мясцовых піітаў сваім асаблівым сэнсавым акрасам, пачуццё патрыятызму, болю і трывогі за будучыню праходзяць чырвонай лініяй праз большасць лірычных і нацыянальна накіраваных работ. Але ёсць тут і жарты, і байкі, і песні, і проза. Некалькі гадоў назад зборнік вершаў Марыны Івановай быў выпушчаны ў адным з японскіх выдавецтваў.
Аднак, як прызналася жанчына, зараз яе вабіць не толькі паэзія. Апошнім часам яна займаецца краязнаўствам, вывучае этнаграфію свайго рэгіёна і занатоўвае пачутае, убачанае, адшуканае для нашчадкаў. Бібліятэкар бяляеўскай бібліятэкі-клуба сэрцам хварэе за тое, каб духоўнае і гістарычнае багацце краю не згубілася ў віхуры часу, каб шумелі чыстыя крыніцы і крычалі за гародамі кнігаўкі.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика