Гаспадыня вечарын і святаў

выПяваотявпУключаю старэнькі відэамагнітафон, дастаю такую ж старую відэакасету і заміраю каля экрана тэлевізара на дзве гадзіны.
Перада мной адкрыўся свет даўно мінулых дзён… Год 1997-мы, вёска Палессе, у клубе выстава вышываных вырабаў мясцовых майстрыц, шмат народу. Вось на сцэну выходзіць вядучая і аб’яўляе аб пачатку свята сямейнай творчасці. Адзін за другім свае музычныя нумары прадстаўляюць артысты з Валосавіч, Гацкога, Меркулавіч, Глыбочыцы, Батвінава. Які феерверк таленту, фантан настрою і шквал апладысметаў! Больш за ўсіх пляскала ў далоні былая загадчыца раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела культуры Кацярына Кажамякіна. А калі ў міліцэйскай фуражцы і хромавых ботах у вобразе ўчастковага Сцяпана на публіку выйшла дырэктар ЦСДК Анастасія Іванаўна Болсун – зала апантана загула, зарагатала.
Жанчына прыйшла ў галіну ў 1981 годзе. Завочна скончыла Магілёўскае культасветвучылішча і 24 гады несла ў народ прыгажосць роднага слова, крыштальны россып беларускіх традыцый, вяла асветніцка-выхаваўчую работу даступнымі для яе сродкамі культурна-масавай дзейнасці. З першых крокаў пачала ствараць актыў, сабрала спеўны гурт. Спачатку ён складаўся з чатырох удзельніц, першы канцэрт салісткі правялі для жыхароў в.Каменка. Першаадкрывальнікамі арганізаванай мастацкай самадзейнасці былі Таццяна Іўчанка, Ніна Патапава, Ала Гуд, Людміла Карпава. Потым колькасць удзельнікаў павялічылася, а ў хуткім часе быў арганізаваны калектыў «Палесачка», які нават запрасілі выступіць па гомельскаму тэлебачанні. Беднаватае на гарманістаў Палессе звычайна «брала ў пазык» аматараў ігры на клавішным інструменце за межамі вёскі. І доўгі час народнаму калектыву акампаніраваў Аляксандр Кастэнка з Краснаполля Магілёўскай вобласці. Прымежныя сувязі Чачэрскага і расійскага Краснагорскага раёнаў завязаліся яшчэ ў тыя гады. Сяброўскія сустрэчы чачаран у вёсках Фошнае, Пералазы, Калюды не слабеюць і сёння.
…Час за праглядам святочнай дзеі амаль 20-гадовай даўніны прайшоў хутка, вось вядучыя развітваюцца з гледачамі, а я набіраю нумар тэлефона Анастасіі Іванаўны: «Як здароўе? Як справы?» Цяпер у былога дырэктара жыццё нібы ціхая плынь: летам каля агурочкаў і памідорчыкаў на агародзе, а ўзімку вяжа сяброўкам цёплыя шарсцяныя шкарпэткі. Быццам тая песня над пшанічным полем праляцела яе гарачая чаромхавая маладосць, толькі застаўся на твары след хоць і мітуслівых, але шчаслівых дзён. А напамінам пра салодкі хмель тых радасных хвілін застануцца галасы і твары на магнітнай відэаплёнцы запісу дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. Здаецца, так далёка, але – толькі нажмі на «пуск» і ты зноў там, дзе жыло тваё сэрца.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика