І тэатрал, і рэжысёр, і сцэнарыст…

Булан.В.Яшчэ на першых кроках работы ў 1994-м у якасці культработніка гарадскога Дома культуры Валянціна Буланава неяк абмовілася. Маўляў, калі праз тры гады не зволюся з гэтай пасады, то застануся тут назаўсёды. Так яно і сталася…
Не тое, каб прафесія масавіка-забаўніка цяжарам ляжала на яе плячах, бо вядома, што сюды ідуць па закліку душы і ўласнаму прызначэнню. Проста і ў святы, і ў буднія дні – ад сям’і, ад дома, ад блізкіх, усё на людзях і дзеля людзей. Мала якое свята вялікага і малога маштабаў абыходзіцца без яе непасрэднага ўдзелу: яна Баба Яга і Снягурка, цыганка і русалка, дзед-барадзед і чароўная фея, яна ж сумная ўдава і вогненная мадам Таро. Якую толькі ролю ні выпала ёй выконваць! Выходзіла на публіку ў якасці канферансье, яе запрашалі быць тамадой на вяселлях, а яшчэ яна шыкоўна спявала ў вакальным ансамблі «Забава». Паралельна з асноўнымі абавязкамі вяла тэатральны, вакальны і лялечны гурткі. За 22 гады працы ў сферы культуры ёю напісаны дзясяткі сцэнарыяў, праведзены сотні тэматычных праграм, конкурсаў і забаўляльных вечарын. Як ніхто іншы добра ведае беларускія звычаі, народныя гульні, пацехі і традыцыйную абраднасць. Валянціну Буланаву любяць пенсіянеры, да яе цягнуцца дзеці і моладзь. Спачатку тэатралізаваныя дзеі планавых мерапрыемстваў нараджаліся на аркушах паперы ўручную. Потым у ДК з’явілася старэнькая друкарская машынка, а цяпер клопат рэжысёра культурна-масавага аддзела раённага Дома культуры значна спрашчае кампутарная тэхніка.
Аднак хоць і імчыць шустрэй за хуткасць святла наша дынамічнае і нястрымнае жыццё, застаецца ранейшым і працоўны азарт, і духоўны запал, і арганізатарская хватка. Можна быць упэўненым – калі ля мікрафона Валянціна Пятроўна, значыць, свята напалову атрымалася. Яна ўмее выклікаць феерыю пачуццяў і эмоцый у расійскай і ўкраінскай аўдыторыі, калі распавядае байкі і вершы на сваёй, матчынай мове. Паланіла сэрцы жыхароў горада і раёна, увасабляючыся ў вобраз музычнага нумара ці пэўнага сцэнічнага персанажа. Глыбокія веды народных звычаяў, абрадаў і традыцый спрыяюць станоўчаму іх правядзенню для шырокай масы насельніцтва. Яе, як той ураган, круціць і верціць на шматлікай публіцы па гарадах і вёсках Беларусі, за яе межамі. Сёння яна ў Кулікоўцы, а заўтра на суражскай зямлі. Для маладых калег Валянціна Буланава добры дарадца, верны памочнік, старэйшы таварыш. Прапускае праз сэрца малыя няўдачы і шчыра радуецца агульнаму поспеху калектыву. Варта сказаць, што значнай падставай яе творчага пад’ёму служыць неабыякавасць за сваю справу, вялікая працоўная адказнасць, любоў да чалавека, да роднай спадчыны, пачуццё патрыятызму і наяўнасць нацыянальнага гонару. У яе характары добра спрацоўвае наш беларускі менталітэт. Нездарма па выніках работы за 2015 год і актыўную грамадскую пазіцыю яе прозвішча сярод перадавікоў галіны.
Гэта правільная адзнака карпатлівых старанняў і прафесійнага майстэрства. А яшчэ адна важная акалічнасць для жанчыны – прыхільнасць яе пецярых унукаў. Бабуля Валя і дома застаецца ў нейкай ступені культработнікам па сумяшчальніцтву: ладзіць з дзецьмі жарты, гульні і пацешкі, расказвае казкі і вучыць станоўчым пазітыўным якасцям. Выхаваная на высокіх ідэйных прынцыпах, яна фільтруе праз сіта высакароднасці і дабрыні думкі, памкненні і дзіцячыя ўчынкі, каб у разору іх чалавечага лёсу лягло буйнае зерне светлага і бясхмарнага будучага, ды каб кожны з іх меў шанец з гонарам звацца беларусам.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика