Звіняць чачэрскія «Званочкі»

IMG_3066З прыходам у СШ №1 г.Чачэрска настаўніка музыкі Ніны Канстанцінаўны Трыбуналавай пачаў дзейнічаць дзіцячы гурток «Званочкі».
Спяваць па-беларуску і адзначаць народныя святы з элементамі нацыянальнай абраднасці педагог любіла заўсёды, а па роду сваёй прафесійнай дзейнасці паралельна выхоўвала любоў да роднае мовы і ў школьнікаў. За 34 гады працоўнага стажу навучыла культуры спеваў не адзін дзясятак вучняў. Аднойчы да яе прыйшла ідэя арганізаваць пры школе самадзейны калектыў з ліку чацвёртакласнікаў. І вось ужо шаснаццаты вучэбны сезон дзяўчынкі і хлопчыкі выходзяць на сцэну ў тым ці іншым амплуа. Гурткоўцы з канцэртнымі выступленнямі перыядычна наведваюць нісімкавіцкую бальніцу сястрынскага догляду, отарскі сацыяльны прытулак і аграрыяў шэфскай гаспадаркі «Вазнясенск», паказваюць сябе на шматлікіх раённых мерапрыемствах і абласных фальклорных фестывалях. За ўдзел у адным з такіх адзначаны Падзякай упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама за пераемнасць бацькоўскіх традыцый. З гэтым творчым праектам Ніна Канстанцінаўна абараняла вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.
Амаль ні адно школьнае свята не абыходзіцца без галасістых салістаў «Званочкаў». Гуканне вясны, абрад «Грамніцы», вячоркі з лявоніхай у іх выкананні заўсёды праходзяць на «Ура!». Зараз маленькія артысты рыхтуюць шэраг праграм да 90-годдзя заснавання раёна, 30-й гадавіны з дня катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і аб’яўленага ў краіне Года культуры. На рэпетыцыі ходзяць з вялікім жаданнем і з тым жа імпэтам выступаюць перад гледачамі. Пад баян настаўніцы добра спяваюцца беларускія народныя і абрадава-побытавыя песні. Ведаць свае карані, спазнаваць этнічную культуру краю, перадаваць прыгожае і мудрае музычна-спеўным пасрэдніцтвам – вялікае задавальненне і гонар. Да таго ж самі дзеці атрымліваюць зарад бадзёрасці, настрою і духоўна ўзбагачаюцца. Аднаго не хапае – сцэнічных касцюмаў народнага стылю. Над гэтым таксама працуе кіраўнік.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика