Захавальнік бацькоўскіх традыцый

Н.А.-Козенко_Фото-Константина-Дробова-682x1024Свой 65-ы дзень нараджэння адзначыў даследчык традыцыйнай культуры беларусаў, педагог,
менеджар і рэжысёр-пастаноўшчык Мікалай Аляксеевіч Козенка.
Старажылы Чачэршчыны добра памятаюць тыя дні, калі ў раёне гуло і кружыла рэспубліканскае свята – фестываль народнага танца «Беларуская полька». У агульнае кола сталі разам малыя і дарослыя, а пачынальнікам гэтага грандыёзнага фэста быў сталічны збіральнік, даследчык, этнахарэограф і этнапедагог.
Ці ведалі яго бацькі з вёскі Целепуны Гомельскай вобласці, што раніцай 9 сакавіка 1951 года нарадзілі на свет не проста немаўляці, а вялікага мастацкага генія. Сваё школьнае дзяцінства Мікалай Аляксеевіч правёў у мазырскай васьмігадовай школе-інтэрнаце, дзе атрымаў не толькі веды па агульнаадукацыйнай праграме, але і навучыўся выразным рытмічным рухам цела. Яго пластычнасць і танцавальныя здольнасці спрыялі далейшаму развіццю навыкаў, сталі падмуркам будучай цікавай прафесіі. Вось ужо ў кішэні дыпломы аб заканчэнні харэаграфічных аддзяленняў Магілёўскага культасветвучылішча і Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры, недзе ў мінулым аспірантура Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Служыў артыстам балета ў ансамблі песні і танца Беларускай ваеннай акругі. За спіной праца выкладчыка на кафедры харэаграфіі ў Мінскім інстытуце культуры, у Рэспубліканскім навукова-метадычным цэнтры культуры на пасадах загадчыка аддзела харэаграфічнага мастацтва, намесніка дырэктара, вядучага навуковага супрацоўніка. Выкладаў танцы ў школах, быў мастацкім кіраўніком Нацыянальнага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Рэспублікі Беларусь, а зараз – узорнага фальклорнага гурта «Берагіня» Мётчанскай адукацыйна-выхаваўчай установы Барысаўскага раёна, які першым у этнафальклорным кірунку ў краіне атрымаў званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Спіс пасад і адказных месцаў работы Мікалая Аляксеевіча вялікі. Сёння ж ён выкладае на кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Даследуе харэаграфічную спадчыну беларусаў, займаецца пытаннямі аднаўлення, пераемнасці, папулярызацыі і распаўсюджвання традыцыйнай культуры, распрацоўвае тэарэтычныя і практычныя аспекты фальклорнага фестывальнага руху на Беларусі.
Чачаране ўшчыльную пазнаёміліся з гэтым таленавітым чалавекам у 1993 годзе, калі аўтар ідэі, галоўны рэжысёр-пастаноўшчык і балетмайстар чатырох рэспубліканскіх фестываляў «Беларуская полька» прымусіў пусціцца ў скокі ўсю Чачэршчыну. А перад гэтым ён з 1980 па 1990 гады даследваў культуру раёна і падрыхтаваў рукапіс «Чачэрскі фальклор у сучасных запісах» з фотаздымкамі і нотнымі дадаткамі (амаль 1000 старонак). Ім былі створаны цэнтры традыцыйнай творчасці ў вёсках Бабічы, Нісімкавічы, Меркулавічы, Бяляеўка, Палессе. Мікалая Козенку прызначылі загадчыкам раённага цэнтра рамёстваў, этнаграфіі і фальклору, паралельна ён выкладаў танцы ў дзіцячай школе мастацтваў. Але самым яркім следам яго дзейнасці на нашай зямлі засталася «Беларуская полька».
Аўтар больш за 170 публікацый, прысвечаных аўтэнтычнаму і аматарскаму танцавальнаму фальклору, каля 30 відэафільмаў і тэлесюжэтаў, сярод якіх «Чачэрскі куфэрак», мастацкі кіраўнік мноства фестываляў на Беларусі, аўтар і кіраўнік выдавецкага праекта «Беларускі народны танец: традыцыі і сучаснасць» шмат разоў адзначаўся падзякамі і Граматамі Міністэрства культуры БССР, ЦК ЛКСМБ, узнагароджаны нагруднымі знакамі «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» і «За дасягненні ў самадзейнай творчасці», лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтваў 2014 года. Яго прозвішча змешчана ў энцыклапедыі «Беларускі фальклор», у даведачным выданні «Кто есть Кто. Деловой мир СНГ. 2001 г.» і інш.
Выхадзец з вёскі не забыўся на свае карані. Бацькі засявалі ніву, каб на палетках каласавалі добрае жыта і пшаніца, а сын звычайнага селяніна сее прыгожае, выхоўваючы ў сэрцах падлеткаў любоў да бацькаўшчыны, павагу да беларускіх звычаяў і духоўнага багацця. Маці, першая на Мазыршчыне жанчына-трактарыст, упэўнена кіравала невялікім МТЗ-50 па свежай раллі дзеля высокіх ураджаяў, а Мікалай Аляксеевіч вядзе моладзь шляхам адвечнага і светлага, каб праславіць мудрасць і адметную гісторыю жыцця свайго народа.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.
Фота К.ДРОБАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика