Прыгажуні ў стылі гжэль

Чечер22Ідэя стварэння вакальнага ансамбля «Чачэрцы» належыць былому дырэктару дзіцячай школы мастацтваў Зінаідзе Яроменка. Заснаваны ў 1992 годзе, ён набыў амаль прафесійны статус. Ужо праз тры гады, калі артысты ўпершыню выйшлі на аўдыторыю, гурту прысвоілі званне «народны».
Перажываючы розныя перыяды станаўлення, калектыў змяняў рэпертуар, колькасны склад і кіраўнікоў. Так было да 2008 года, пакуль на чале «Чачэрцаў» не стала Ірына Курдзюмава. Талент, багаты мастацкі дар, яе нястрымны творчы запал і энергія лідара вывелі ансамбль у лік элітных. Падхопленая ёй ідэя папярэднікаў надаць гэтай суполцы спевакоў асаблівы каларыт і прывабнасць распраўляе крылы. Артысткі ўражваюць мілагучнасцю музыкальнага ладу і размахам галасавога дыяпазону. Усе яны душой прыкіпелі да сцэны, да песні, адзін да аднаго. У гурце шэсць салістак, сярод якіх «старажылы» Галіна Дарафеева і Жана Сотнікава. Пазней за ўсіх далучылася да сябровак Галіна Атрошчанка. Мараць адзначыць не адзін юбілей дружнай каманды Наталля Кузняцова і Вера Дзем’яновіч. Разам з дзяўчатамі рупяцца пра папулярнасць і аўтарытэт калектыву гукарэжысёр Юрый Аляксееў, харэографы Арцём Гулевіч і Андрэй Буланаў. Доўгі час спрыяе развіццю здольнасцяў аматараў тонкага гуку нязменны і ўсімі паважаны акампаніятар Аляксандр Курдзюмаў.
Дзень за днём у клопаце і творчым палёце нараджалася слава «Чачэрцаў». Былі хвіліны падзення і ўзлёту. Зараз надыйшоў перыяд найвышэйшага майстэрскага гарэння. У рэпертуары больш за 200 песень. Тэмпарытм кожнага выступлення задае перш-наперш сама кіраўнік. Каб разнастаіць і напоўніць узорыстасцю мілагучных карункаў канцэртныя нумары, Ірына Курдзюмава вось ужо трэці год карыстаецца інтэрнэтпаслугамі ўкраінскага аранжыроўшчыка Сяргея Карыха: адсылае яму ноты таго ці іншага твора, якія вяртаюцца назад гатовай фанаграмай. А на днях у дадатак да «мінусовак» удзельнікі ансамбля займелі шанец змяніць імідж – апрануліся ў шыкоўныя модныя сукенкі з паўлавапасадскіх хустак ад мадэльера з Санкт-Пецярбурга Аўгуста Ван-дэр-Ваальса. Ашаламляльнага хараства жаночыя ўборы зрабілі і без таго пекных салістак амаль што каралевамі мясцовай эстрады.
– Важна, каб здзіўляла не толькі музычнае афармленне канцэртнага нумара, але і знешні выгляд артыстаў гарманічна камбінаваў з жывым гучаннем, – лічыць Ірына. – Мы дабіліся ідэальнага тандэма матэрыяльнага і духоўнага, нашы абаяльныя зорачкі выглядаюць захапляльна.
Гэта другі камплект адзення «Чачэрцаў», якое, між іншым, кожная з удзельніц выбірала па ўласнаму густу. Хоць яно і носіць аснову чыста рускага характару, але такое прыцягальна яркае! Першыя ж касцюмы выраблены ў тон больш традыцыйнай славянскай культуры і таксама не менш выразныя, стракатыя. Дапамагалі ў кройцы і вышыўцы Вольга Жахоўская, Дзіна Баранава і Ніна Ганжына. Аднак здзіўляе не толькі колер спадніц, а яшчэ і тое, што ўвесь асляпляльны гардэроб чараўніц сцэны набыты за ўласныя грошы. Больш за 30 мільёнаў рублёў прэзентаваў спявачкам муж Ірыны – Мартыен Вандэрмейер, а за ажурны вобраз у стылі гжэль з шыньёнамі, абуткам, раменьчыкамі дзяўчаты разлічваліся асабіста.
Нам бы яшчэ радыёмікрафоны, каб у тон песням свабодна рухацца ў харэаграфічнай разводцы, – уздыхае кіраўнік. Аднак «пацягнуць» такі цяжар для ўладальнікаў чыстага голасу немагчыма.
У народнага ансамбля народнай песні і музыкі маецца свая старонка ў сацыяльных сетках, дзе можна бліжэй пазнаёміцца з мастацтвам пекных паненак і прасачыць за творчым шляхам. А нам толькі застаецца пазайздросціць «Чачэрцам» – у іх апантаны і бясконца ўлюблёны ў свае рамяство павадыр у свет прыгожага, а кіраўніку, які між іншым прызнаны лепшым работнікам у сферы культуры за 2015 год, пашчасціла мець з’яднаных агульным інтарэсам прыхільнікаў мудрай песні. Запалу, умення і энергіі тут хопіць, каб заваяваць шырокае прызнанне публікі, скарыць сэрцы сотняў людзей і пакінуць у гісторыі культуры Чачэршчыны свой палымяны выразны след.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика