Чачаране не сумуюць

IMG_0452На двары сцюдзёна, але мароз і холад не спужаюць сапраўднага прыхільніка здаровага ладу жыцця. Ніякія апраўданні адсутнасці вольнага часу і нізкай тэмпературы паветра не перашкодзяць правесці некалькі хвілін у ахвоту і на карысць арганізму. Каб упэўніцца ў гэтым, адпраўляемся на гарадскі каток.
У другой палове дня сюды прыходзяць дарослыя, бацькі з дзецьмі, хакеісты-аматары і проста дапытлівыя разявакі. У сярэднім па 20 чалавек ганяюць навыперадкі з ветрам па гладкай паверхні ледзянога люстэрка, разразаючы празрыстае покрыва вострым лязом канькоў. Расчырванелыя, гарачыя, жыццярадасныя яны адпачываюць з настроем і ад душы смяюцца. А смех, як вядома, падаўжае наш век і змякчае сэрца. У добрым самаадчуванні, вясёлыя і захопленыя вернуцца затым дадому, з прыемнай стомай бухнуць на канапу, вып’юць кварту гарбаты ці салодкай кавы і будуць чакаць наступнага дня, каб на поўныя грудзі ўдыхнуць золкага свежага паветра і ўхапіць у жыцця чарговую порцыю свайго сціплага зямнога шчасця. А для гэтага, як бачым, не так ужо многа і трэба!
Вучань 7 «А» класа СШ №2 Андрэй Мельнікаў на каньках ужо трэці год. Кожны дзень ён прыбягае сюды адзін, з сябрамі, братам Дзімам, а іншы раз яго суправаджае бацька. Хлопчык прызнаецца, што гадзінамі калясіў бы па крузе з клюшкай, калі б не клікала дадому матуля. Спортам сямікласнік займаецца з задавальненнем, наведвае школьныя гурткі па хакеі і валейболе, а вось у адрозненні ад асобных яго аднагодкаў дружбу з тытунем не вядзе. І хоць фізічная загартоўка школьніку па густу, прафесію марыць набыць больш перспектыўную – доктар, або юрыст. Але ў любым выпадку чалавеку патрэбна добрае здароўе і трывалыя мускулы. Толькі тады можна разлічваць на яго дастатковую дапамогу іншым.

Яніна ДАНОВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика