Чачаране святкавалі Вадохрышча

Яшчэ не ўзышло сонейка, калі крыштальным пералівам царкоўных званоў абудзіла раніца праваслаўных чачаран – гэта веручыя адзначалі Вадохрышча.
З малітвай да Бога ішлі людзі ў Храм, каб у чарговы раз перахрысціцца, пакланіцца іконам і ачысціць душу. Гарэлі свечкі, гучаў царкоўны хор і ў сэрцы кожнага палымнела надзея: Гасподзь пачуе, дапаможа, адгукнецца. Нехта паўшэптам прасіў прабачэння за грахі, хтосьці моўчкі сачыў за набажэнствам і думаў пра патаемнае, але ўсе жадалі аднаго – здароўя і дабрабыту сабе і родным. Добра памаліўшыся, вернікі пацягнуліся да ёмістасцяў са святой вадой, бо яна мае магічную сілу вылечыць хворага, надаць моцы нямогламу і вярнуць чалавека да жыцця. А ў такое вялікае свята гэта сіла ўтрая мацнейшая. Збаны і бутэлькі напаўняліся вадохрышчанскай мілатой, задаволеныя жанчыны і мужчыны разыходзіліся па хатах, а нехта накіраваўся ў агульную калону, каб пад свяшчэннымі харугвамі крочыць да возера Святое – там ужо чакалі тыя, каму не цярпелася нырнуць у сцюдзёную ваду з галавой.
Да хрэснага ходу па дарозе далучаліся іншыя жыхары горада, імкнучыся стаць сведкамі займальнага відовішча фізічнага і духоўнага ачышчэння, а то і самім паспытаць ледзянога цалебнага агню. Яшчэ раз уславіўшы Усявышняга ў псалмах і малітвах, святар Васіль згодна саступіў месца каля палонкі пастве. Адзін за другім спускаліся ў чорную глыбу вады хлапцы і дзяўчаты, дарослыя і нават дзеці. Каму ж не хапіла рызыкі распрануцца ў 10-градусны мароз, проста назіралі за працэсам, дзівячыся і нават злёгку пасмейваючыся над смеласцю землякоў, напаўнялі гаючай вадкасцю прынесены з сабой посуд, шчыра віталі адзін аднаго з днём Вялікага водаасвячэння, жадаючы Боскай спагады, міру, згоды і трываласці духу.
Адвеку нашы продкі лічылі вадохрышчынскую ваду карыснай, ёй вылечвалі раны, акраплялі хату і сельскагаспадарчыя пабудовы для таго, каб на падворку вялася жыўнасць, а ў людзей былі спакой і згода, здароўе і дабрабыт. Праваслаўную традыцыю продкаў мы зберагаем і цяпер.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика