Баль з гульнямі і смехам

IMG_9816Памятаючы мінулую пераднавагоднюю сустрэчу ў ратушы, зноў натхнёныя з сяброўкай збіраемся на навагодні баль, гэта ўжо трэці. На жаль, бальных плаццяў у гардэробе не знайшлося, апранаем любімыя прыгожыя сукенкі і выбягаем з дому, уяўляючы сябе свецкімі дамамі. Пры ўваходзе заўважаем знаёмых, якія таксама часценька бываюць на падобных мерапрыемствах. Найперш выбіраем назвы кветак для будучай гульні «Я садоўнікам нарадзіўся» і нумар для бяспройгрышнай латарэі, займаем месцы, з нецярпеннем чакаем пачатку.
Музыка і прыгожае ўбранне залы ствараюць атмасферу свята. І вось з’яўляюцца
вядучыя, заводзяць расповяд пра 19 стагоддзе, пра бальныя танцы, нават узгадваюць знакамітую сцэну з кінарамана «Вайна і мір» пра першы баль Наталлі Растовай. Аднак гледачы змаглі падзівіцца на карціны мінулага толькі на экране відэапраектара. На гэты раз акцёры графскага тэатра не прадсталі перад намі ў загадкавых вобразах, як у мінулым годзе, з папярэдняй цікавай праграмы засталіся толькі гульні. «Фанты» карысталіся попытам два стагоддзі назад, і зараз яны з лёгкасцю могуць разнастаіць любую культурную праграму. Спачатку трэба было адказаць на пытанні, а за памылку аддаць фант. Сярод заданняў для вяртання фанта найбольш гумарыстычнымі аказаліся наступныя: з’есці апельсін як малпа, папрасіць у прысутных міласціну, сыграць на вуснах мелодыю песні пра коніка, паказаць паход да стаматолага. Адным словам, без смеху не абышлося. Актыўнічалі гледачы-ўдзельнікі і ў гульнях «Я садоўнікам нарадзіўся», «Вы паедзеце на баль». Заключным акордам стала латарэя, прайграўшых у ёй, як і абяцалі арганізатары, не было. Нехта пайшоў дадому з пакетамі, паветраннымі шарамі, а нехта з каралямі з сашчэпак, алоўкамі ці ручкамі. Некаторым лотам дасталіся кубак з эмблемай Чачэрска, арыгінальны аловак з такім жа надпісам і многае іншае. Хоць да сапраўднага балю крыху не дацягнулі, але пазітыўнымі эмоцыямі зарадзіліся. Наперадзе яшчэ некалькі культурна-масавых мерапрыемстваў, пастараемся атрымаць ад іх максімум асалоды.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика